2013-07-17 11:57:25

Старшыня сусветнай “Caritas” заклікаў удзельнкаў СДМ да барацьбы з голадам


RealAudioMP3 Старшыня “Caritas Internationalis” звярнуўся да ўдзельнікаў Сусветных дзён моладзі і заклікаў іх не заплюшчваць вочы на цяжкасці тых, хто церпіць. Голад і беднасць з’яўляюцца адной з асноўных праблем сучаснага свету, нагадаў кардынал Оскар Радрыгес Марадзьяга. “У свеце, дзе Езус ходзіць сярод нас, голаду не павінна і не можа існаваць”, - падкрэсліў ён і дадаў, што голад набыў сёння іншае аблічча, гэта не абавязкова яго фізічная форма, “ёсць голад працоўных месц, надзеі і стабільнасці; голад адшукання патрэбнага месца ў свеце”. Іерарх заклікаў моладзь паглядзець навокал сябе і падумаць пра тых “дзяцей, якія пакутуюць ад недаядання і засынаюць без ежы, пра маці, якія не маюць дастаткова малака, каб карміць сваіх дзяцей”.

Часам цяжка зрабіць крок назад, каб адысці ад уласных праблем і ўбачыць, што мы ўсе з’яўляемся часткай адзін аднаго, заўважыў кіраўнік сусветнай “Caritas”. Але сучасны свет і Касцёл мае патрэбу ў моладзі ў гэты час крызісу, дадаў ён і запрасіў удзельнікаў Сусветных дзён “стаць часткай кампаніі за права на харчаванне і выступіць ад імя ўсіх тых, хто застаецца нямым перад абліччам глабальнай несправядлівасці, якая ўвекавечвае голад і галечу”.

“Няўжо гэта справядліва, што адзін мільярд людзей у свеце галодныя, калі ў нас ёсць больш чым дастаткова рэсурсаў, каб накарміць усіх?”, - спытаў кардынал Марадзьяга. Ён запрасіў маладых людзей “зрабіць тры рэчы” у рамках Сусветных дзён моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра: даведацца, чаму голад існуе ў свеце, і што мы можам зрабіць у нашым жыцці, каб змяніць гэта; падключыць іншых маладых людзей і абмеркаваць з імі праблему голада; размаўляць пра гэта ў сям’і, парафіі і ў сацыяльных сетках.

Кардынал нагадаў аб будучай сустрэчы моладзі з папам Францішкам на ўзбярэжжы Капакабаны і звярнуў увагу на сімволіку гэтага месца. Езус накарміў галодных вучняў пасля свайго ўваскрасення менавіта на беразе мора. “Колькі разоў у дзень мы бачым твар Езуса на вуліцы або па тэлевізары, але адварочваемся ў іншы бок, таму што мы Яго не пазнаём? Колькі разоў мы не рызыкуем жыць нашай верай праз міласэрнасць да іншых?”, - задаў пытанні маладым людзям іерарх і дадаў, што кожная няўдача, з Езусам можа ператварыцца ў багацце надзеі і веры, як гэта адбылося з апосталамі на беразе Галілейскага мора.







All the contents on this site are copyrighted ©.