2013-07-17 14:30:39

Прадстаўнік Святога Пасаду пра падрабязнасці візіту Папы ў Бразілію


RealAudioMP3 Кс. Фэдэрыка Ламбардзі нагадаў, што праект праграмы падарожжа Пантыфіка ў Бразілію быў зроблены яшчэ падчас пантыфікату Бэнэдыкта XVI, але затым зменены папам Францішкам, які дадаў некалькі элементаў: пілігрымку ў Апарэсіду, наведванне фавэлаў, бальніцы, сустрэчу з епіскапатам. Кіраўнік Залы Друку нагадаў падчас прэс-канферэнцыі 17 ліпеня 2013 г., што Францішак будзе трэцім Папам, які наведае Бразілію. Тры візіты здзейсніў сюды Ян Павел II і адзін – Бэнэдыкт XVI.

Прадстаўнік Святога Пасаду выказаўся і наконт сітуацыі з пратэстамі ў Бразіліі. “Мы цалкам спакойныя”, - сказаў ён, бо гэтыя падзеі не маюць нічога супольнага з візітам Папы і ніякім чынам не скіраваны супраць яго. У падарожжы Святога Айца будзе суправаджаць некалькі высокіх іерархаў: кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ, субстытут Апостальскай Сталіцы арцыбіскуп Анджэла Бэчу, таксама кардынал Марк Уэлле, як старшыня Камісіі па справах Лацінскай Амерыкі, і кардынал Браз дэ Авіс, прэфект Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця – адзіны бразільскі кардынал у Рымскай курыі. У дэлегацыю ўвойдуць іншыя асобы, якія звычайна суправаджаюць Папу: супрацоўнікі літургічнай службы, жандармерыі, афіцэры швейцарскай гвардыі, урач.

Падчас палёту адбудзецца сустрэча Пантыфіка з журналістамі, але яна будзе насіць іншы характар, чым гэта адбывалася папярэдне. Спатканне адбудзецца ў форме размовы і не прадугледжвае фармату прэс-канферэнцыі. Святы Айцец звернецца да прадстаўнікоў СМІ з прамовай. “Гэта, безумоўна, будзе цудоўная сустрэча, велічная, прыязная, але не ў форме інтэрв’ю”, - сказаў кс. Ламбардзі.

Св. Імша ў санктуарыі ў Апарэсідзе 24 ліпеня будзе адбывацца ўнутры базылікі, а не з вонку, як у выпадку падобных падзей з удзелам Пантыфіка, паколькі наведанне гэтага месца будзе насіць характар “акту асабістай пабожнасці” Францішка. Так гэта патлумачыў кіраўнік Залы Друку. Але пасля набажэнства Святы Айцец з балкону прывітае вернікаў, сабраных перад санктуарыем.

Візіт Папы ў бальніцу імя св. Франшішка Асізскага, якая спецыялізуецца на лячэнні нарказалежных, 24 ліпеня кс. Ламбардзі назваў сімвалічным, маючым вялікае значэнне для іншых супольнасцяў і ўстаноў, якія працуюць у гэтай галіне. На наступны дзень папа Францішак благаславіць сцягі Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў, якія пройдуць у Бразілліі ў 2016 г., і сустрэнецца з прадстаўнікамі свету спорта. Асаблівай падзеяй кіраўнік Залы Друку назваў наведанне Папам фавэл. Гэта было асабістае жаданне Францішка. Кс. Ламбардзі нагадаў, што Ян Павел ІІ наведваў трушчобы, падчас аднаго са сваіх падарожжаў у Бразілію.

Адмысловым жэстам з боку Папы падчас Сусветных дзён моладзі будзе яго паслуга ў канфесіянале. 26 ліпеня Святы Айцец паспавядае некалькі маладых людзей, якія павінны будуць валодаць партугальскай, іспанскай або італьянскай мовамі, паколькі гэта мовы, на якіх Францішак можа свабодна выказваць свае думкі, патлумачыў кс. Ламбардзі.

Кіраўнік Залы Друку не выключыў прысутнасці на моладзевым форуме значнай колькасці кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў, бо Прэзідэнт Бразіліі Дзілма Русэф, накіравала адпаведныя запрашэнні да ўладаў усіх краін Лацінскай Амерыкі.







All the contents on this site are copyrighted ©.