2013-07-16 12:34:08

Францішак у “Твітэры” пра сапраўдную святасць


RealAudioMP3 Пра мэту хрысціянскага жыцця нагадаў Святы Айцец наведвальнікам свайго акаўнту ў “Твітэры”. “У хрысціянскім жыцці важнейшае значэнне маюць малітва, пакора і міласэрнасць да іншых – гэта шлях да святасці”, - напісаў Францішак 16 ліпеня. Ён не ўпершыню звяртае ўвагу на неабходнасць сапраўднай святасці і “здаровага” імкнення да яе, што абсалютна выключае любыя формы крывадушнасці. У адной са сваіх гамілій, 19 чэрвеня ў Доме св. Марты, Пантыфік узгадваў пра існаванне пэўнага тыпу крывадушнікаў, якія “умешваюцца ў святасць”. “Пан кажа пра пост, малітву, міласціну: тры слупы хрысціянскай пабожнасці, прызначаныя для ўнутранага навяртання (...). Таксама і на гэтай дарозе ёсць крывадушнікі, якія прытрымліваюцца посту, раздаюць міласціну, моляцца”, - сказаў у той час Папа. На яго думку, калі крывадушнасць прыходзіць у гэту сферу адносін з Богам, чалавек становіцца дастаткова блізкім, каб учыніць грэх супраць Святога Духа. “Такія людзі не ведаюць прыгажосці, яны не ведаюць любові, не ведаюць праўды: яны мізэрныя, баязлівыя”, - адзначыў Папа, заклікаючы да сапраўднай святасці.







All the contents on this site are copyrighted ©.