2013-07-16 10:55:39

Галоўны арганізатар СДМ: сусветны моладзевы форум – сродак супраць стомленасці веры


RealAudioMP3 У час “нястрымнай секулярызацыі” Касцёл мае патэнцыял прыцягнуць маладое пакаленне і матываваць яго, чаму пацвярджэннем служаць Сусветныя дні моладзі, лічыць кардынал Станіслаў Рылка, галоўны арганізатар форуму з боку Святога Пасаду. Сакрэт поспеху Сусветных дзён, на яго думку, у перакананні маладых людзей, што падчас іх яны сустрэнуць Хрыста, Які ніколі іх не падмане, і адчуюць сябе часткай Касцёла, якому можна давяраць. На думку старшыні Папскай рады па справах свецкіх, важна, што моладзевы форум пасля 26 гадоў вяртаецца ў Лацінскую Амерыку, і што ўзначаліць яго Папа – выхадзец з гэтага кантыненту. Францішак неаднойчы заяўляў, што менавіта моладзь павінна сказаць свету, што гэта цудоўна – ісці за Езусам, жыць не толькі для сябе, але выйсці на перыферыі існавання.

За амаль трыццаць гадоў гісторыі Сусветных дзён свет маладых людзей значна змяніўся. У васьмідзесятых гадах былі яшчэ жывыя культурных плыні з моцнай ідэалагічнай палярызацыяй – камунізм-капіталізм; існавала радыкальная апазіцыя да існуючага свету, нагадаў кардынал. Сёння мы жывём у зусім іншых культурных, грамадскіх, эканамічных, палітычных і рэлігійных сцэнарыях, заўважыў ён. І маладыя людзі першымі адчулі на сабе наступствы гэтых змен, як станоўчыя, так і адмоўныя. Моладзь – гэта ўвогуле “вельмі адчувальны культурны сейсмограф”, падкрэсліў іерарх у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

Самая вялікая праблема на сённяшні дзень у асяроддзі моладзі – гэта “крызіс Бога” і яго выключэнне з чалавечага далягляду, а таксама крызіс чалавека, які ставіць пад пытанне сваю прыроду. У гэтым кантэксце Сусветныя дні моладзі з’яўляюцца важнай “лабараторыяй веры” і пошуку новых, больш эфектыўных форм дыялогу паміж Касцёлам і маладым пакаленнем, лічыць кардынал Рылка. Форум таксама дэманструе, што ў свеце маладых людзей у цяперашні час адбываецца свайго роду “ціхая рэвалюцыя”, якая палягае на абранні Хрыста як дарогі, праўды і жыцця. Але нязменным на працягу амаль трыццаці гадоў засталося пытанне пра сэнс жыцця і прага Бога, якая жыве ў сэрцы кожнага чалавека, адзначыў іерарх.

Адна з асноўных задач Сусветных дзён моладзі, на думку старшыні Папскай рады па справах свецкіх, навядзенне мастоў паміж падзеямі незвычайнай прыгажосці, які адбываюцца ў яго рамках, і штодзённым жыццём “на месцах”.

Кардынал звярнуўся да сацыяльнага кантэксту, у якім будуць праходзіць Дні моладзі, Бразілія сёння, магутная эканамічная дзяржава, але ў той жа час, гэта краіна, якая мае сур’ёзныя сацыяльныя, культурныя і рэлігійныя праблемы. Сусветны форум, на думку іерарха, з’яўляецца моцным напамінам усім пра маладое пакаленне як “агульнае дабро”, самае дарагое для грамадства. Бо ў рэчаіснасці часта бывае – і не толькі ў Лацінскай Амерыцы – што маладыя людзі плацяць самую высокую цану ў выглядзе маргіналізацыі, беднасці і беспрацоўя.

Вялікім дарам, якім маладыя бразільцы могуць падзяліцца са сваімі аднагодкамі з секулярызаванай часткі свету, з’яўляюцца, на думку кардынала Рылкі, радасць і энтузіязм веры, як “сродак супраць стомленасці веры”, аб чым неаднойчы казаў папа Францішак.







All the contents on this site are copyrighted ©.