Станоўчая рэакцыя мусульман на візіт Папы на Лампедузу
Наведанне Францішкам
афрыканскіх бежанцаў на міжземнаморскім востраве Лампедуза выклікала станоўчую рэакцыю
ў арабскім свеце. “Гэты жэст Папы выдатны, ён быў учынены ў патрэбны час”, - сказаў
мараканскі журналіст Абубакр Джамаі нямецкаму каталіцкаму інфармацыйнаму агенцтву
“KNA”. Ён з’яўляецца заснавальнікам мараканскіх медыя, якія спецыялізуюцца на інфармацыі
пра мясцовую сітуацыю з пачатку “арабскай вясны”.
Візітам на невялікім востраве
ля ўзбярэжжа Туніса, Пантыфік нагадаў еўрапейскім палітычным элітам, што трэба не
рэагаваць на незаконных мігрантаў з непрыязнасцю, а працаваць на карысць гэтых людзей.
“Еўропа і арабскія краіны павінны знайсці агульны, гуманны спосаб вырашэння гэтага
крызісу”, - лічыць Джамаі. Ён паведаміў аб высокай ацэнцы візіту Папы з боку саміх
мігрантаў-мусульман і назваў гэта добрым сігналам для адносін паміж Каталіцкім Касцёлам
і ісламам.
У мінулы панядзелак Святы Айцец наведаў міжземнаморскі востаў Лампедуза,
размешчаны на поўдзень ад Сіцыліі. Такім чынам Пантыфік хацеў звярнуць увагу міжнароднай
супольнасці на лёсы тысяч людзей, якія, рызыкуючы сваім жыццём, адпраўляюцца ў падарожжа
на перагружаных лодках, каб патрапіць у Еўропу. Францішак узгадаў пра тысячы асоб,
якія патанулі падчас пераправы. На востраў амаль кожны дзень прыбываюць судны з сотнямі
новых бежанцаў, у асноўным з Паўночнай Афрыкі.
Падчас свайго візіту Францішак
гаварыў пра феномен “глабальнай абыякавасці”, які распаўсюдзіўся ў сучасным свеце,
калі пакуты іншых ужо нікога не кранаюць і не клапоцяць. Ён папрасіў прабачэнне за
абыякавасць шматлікіх хрысціян, якія закрываюцца перад бліжнімі ў сваім уласным дабрабыце,
а таксама за палітыкаў, якія сваімі рашэннямі правакуюць сітуацыі, якія прыводзяць
да такіх трагедый, як на Лампедузе.