2013-07-14 12:29:08

Арцыбіскуп Кандрусевіч: рэха візіту кардынала Тарана ў Беларусь


RealAudioMP3 Рэха візіта ў Беларусь ватыканскага іерарха, кардынала Жана-Луі Тарана, будзе гучаць яшчэ доўга, лічыць арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Удзел у Будслаўскіх урачыстасцях старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, такога высокага і аўтарытэтнага госця – гэта пашана з боку Папы для Касцёла ў Беларусі, Касцёла, які раней цярпеў, але зараз адраджаецца і моцна становіцца на ногі. Касцёла, які на сённяшні час, выконвае сваю галоўную місію – місію новай евангелізацыі, адзначыў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. “Таксама гэта было ўмацаванне веры нашых людзей. Мы бачылі, з якім энтузіязмам вернікі прымалі кардынала – і ў Будславе, і ў Мінску. Таксама адбылося спатканне кардынала з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам і Міністрам замежных спраў. Гэтыя сустрэчы паказалі, што Касцёл у Беларусі з’яўляецца інтэгральнай часткай нашага грамадства, што ён займае пачэснае месца ў нашым грамадстве”, - сказаў іерарх у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё.

У Каталіцкім Касцёле ў Беларусі даўно наспявала ідэя стварэння нейкай адукацыйнай установы – факультэта ці ўніверсітэта. Важным вынікам сустрэчы кардынала Тарана з Прэзідэнтам Беларусі стала тое, што ідэя знайшла падтрымку і, магчыма, у будучым будзе ўвасоблена ў жыццё – паведаміў Мітрапаліт. “Мы атрымалі абяцанне Презідэнта, што будзе выдзелена зямля пад гэты праект. Напэўна, гэта праект не аднаго дня і не аднаго года, але трэба пачынаць ад семінарыі, каб мы мелі ўжо штаб выкладчыкаў і вахаваўцаў, каб потым пашыраць яго. Напрыклад, у Санкт-Пецярбургу ёсць тэалагічны інстытут, які мае афіліяцыю з Папскім латэранскім універсітэтам у Рыме. Выпускнікі семінарыіі атрымліваюць дыпломы і навуковую ступень менавіта гэтага ўніверсітэта. Хацелася б ісці такім жа шляхам, але будезм думаць яшчэ, як гэта зрабіць. Але гэта важная справа”, - адзначыў іерарх.

Вялікая колькасць вернікаў, св. Імша і Будслаўская ікона Маці Божай – кардынал Жан-Луі Таран падзяліўся з Мітрапалітам таксама сваімі асабіста ўражаннямі ад візіту ў Беларусь. “Яго здзівіла пабожнасць нашых людзей, тое, што вялікая колькаць людзей была ў Будславе, што прыходзілі цэлымі сем’ямі. Людзі прымалі камунію на каленях, а гэта напэўна рэдка можна ўбачыць сёння ў свеце. І ўсе людзі спявалі, яны не былі проста гледачамі падзеі праз тэлебачанне, гэта значыць яны былі непасрэднымі ўдзельнікамі. Кардынал некалькі разоў падкрэсліў вельмі добра арганізаваную літургію. Гэта было вельмі прыемна чуць”, - прызнаўся арцыбіскуп.

Важнай часткай візіту кардынала Тарана стала яго сустрэча з Мітрапалітам Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усея Беларусі. Ватыканскі іерарх, працуючы ў ватыканскай дыпламатыі каля 30 гадоў, ведаў пра добрыя адносіны Каталіцкага Касцёла і Праваслаўнай Царквы ў Беларусі, але падчас візіту, можна сказаць, убачыў гэта на свае вочы. “Гэта спатканне яшчэ раз пацвердзіла, што у нас добрыя адносіны, што яны маюць характар супрацоўніцтва і дапамогі адно аднаму, асабліва сёння, калі трэба разам бараніць хрысціянскія каштоўнасці. Кардынал некалькі разоў успамінаў пра спатканне з Мітрапалітам Філарэтам і сказаў, што Беларусь у гэтым сэнсе благаслаўлёная краіна”, - падзяліўся арцыбіскуп Кандрусевіч.

Плён, духоўны, ад візіту кардынала Тарана павінен адчуць і кожны чалавек, які прымаў удзел ва ўрачыстасцях. Ватыканскі іерарх удзяліў папскае благаслаўленне беларускім вернікам. Яго візіт значыць, што католікі Беларусі не самотныя, яны адзіныя з Паўсюдным Касцёлам. Кардынал Жан-Луі Таран, які аб’ездзіў амаль увець свет, сказаў, што менавіта ў Беларусі яго вера ўмацавалася. Пасланнік Святога Айца паабяцаў, што неадкладна сустрэнецца з папам Францішкам і распавядзе яму аб сваіх уражаннях аб Беларусі.







All the contents on this site are copyrighted ©.