2013-07-13 10:14:35

Святы Пасад заявіў аб празрыстасці расследавання справы ватыканскага прэлата


RealAudioMP3 Судовыя органы Дзяржавы Ватыкан выдалі пастанову аб замарожванні рахункаў кс. прэлата Нунцыа Скарана, былога супрацоўніка Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы. Аб гэтым паведаміў 12 ліпеня кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўнік Залы Друку. Рашэнне было прынята яшчэ 9 ліпеня прамотарам справядлівасці Трыбуналу Дзяржавы Ватыкан. Адносна кс. Скарана зараз праводзіцца расследавання з боку ватыканскіх судовых органаў па абвінавачанні ў падазроных аперацыях, адкрытых Бюро фінансавай інфармацыі. Расследаванне можа закрануць таксама і іншых асоб, паведаміў кс. Ламбардзі.

Для разбіральніцтва Ватыканскі банк задзейнічаў аўтарытэтную “Promontory Financial Group”, што забяспечвае поўную празрыстасць ў гэтым пытанні. Зараз праводзіцца кантроль усёй кліенцкай базы Інтытута рэлігійных спраў у рамках дамоўленасцяў па барацьбе з адмываннем грошай. Паралельна з гэтым, Інстытут ажыццяўляе адпаведныя паляпшэнні ў сваёй структуры і працэдурах. Гэты працэс, як заявіў прадстаўнік Святога Пасаду, быў пачаты ў маі 2013 г., і, як чакаецца, будзе ў значнай ступені завершаны да канца 2013 г.

Некалькі дзён таму ў Ватыканскім банку быў прызначаны дырэктар па кіраванні рызыкамі, з мэтай істотна ўмацаваць сістэму справаздачнасці фінансавага інтытуту. Кс. Ламбардзі працытаваў кіраўніка Ватыканскага банка Эрнста фон Фрэйберга, які нядаўна заявіў, што выяўленне надужыванняў будзе насіць сістэматычны характар, а да парушальнікаў законаў будзе ўжывацца “нулявая талерантнасць”, незалежна ад таго, кім яны з’яўляюцца, свецкімі ці духавенствам.

Кс. Скарана некалькі дзён таму быў арыштаваны супрацоўнікамі італьянскай пракуратуры па абвінавачанні ў адмыванні грошай. Кіраўнік Адміністрацыі маёмасці Апостальскай Сталіцы, дзе працаваў прэлат, кардынал Даменіка Калканіа, заявіў, што справа кс. Скарана вельмі моцна хвалюе яго, нягледзячы на тое, што Адміністрацыя маёмасці (APSA) не мае ніякага дачынення да яе.







All the contents on this site are copyrighted ©.