2013-07-10 10:35:39

Арцыбіскуп Кандрусевіч пракаментаваў першую энцыкліку Папы


RealAudioMP3 5 ліпеня 2013 г. была абнародавана першая энцыкліка папы Францішка “Lumen fidei” – “Святло веры”, падпісаная ва ўрачыстасць святых Пятра і Паўла. Так супала, што ў гэты дзень праходзілі ўрачыстасці ў Будславе і аб папскім дакуменце стала вядома вернікам менавіта ў сэрцы Каталіцкага Касцёла краіны. Сімвалічна і тое, што свята праходзіла пад дэвізам “Марыя – маці нашай веры”, і Папа ў сваёй першай энцыкліцы таксама не раз звяртаецца да прыкладу Марыі – паведаміў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, спецыяльна для Ватыканскага радыё.

“Энцыкліка, хоць і была ў большай частцы падрыхтавана Бэнэдыктам XVI, лічыцца дакументам папы Францішка, які заўважыў, што дадаў да падрыхтаванага сваім папярэднікам тэксту некаторыя свае разважанні і думкі. Незалежна ад таго, кім і якія часткі тэкста энцыклікі былі напісаны, яе трэба прымаць як навучанне Наступніка св. Пятра аб веры. Энцыкліка “Lumen fidei” складаецца з уступу, чатырох частак і заканчэння, і выяўляе чым з’яўляецца вера для сучаснага чалавека. Яна ў пэўным сэнсе замыкае трыпціх энцыклік аб трох тэалагальных цнотах: “Deus caritas est” – “Бог ёсць любоў” – аб любові, “Spe salvi” – “Збаўленыя надзеяй” – аб надзеі і цяпер, “Lumen fidei” – “Святло веры” – аб веры, - адзначыў арцыбіскуп.

Мітрапаліт нагадаў, што ва ўступе Папа падкрэслівае, што галоўны матыў энцыклікі – умацаванне братоў у веры, якую Бог дае як святло на шляху кожнага чалавека. Пантыфік нагадвае пра неабходнасць нанова адкрыць святло веры ў сучасным свеце з мэтай асвяціць сутнасць быцця чалавека, каб дапамагчы яму адрозніваць дабро ад зла у часы, калі вера прадстаўляецца некаторымі як ілюзія і нярэдка ацэньваецца, як абмежаванне правоў чалавека. Энцыкліка вельмі добра ўпісваецца ў абвешчаны Папам Бэнэдыктам ХVI “Год веры”, распачаты у 50-ую гадавіну адкрыцця II Ватыканскага Сабора, які быў Саборам аб веры і які заклікаў у цэнтры жыцця паставіць першынства Бога ў Хрысце.

Каб данесці гэтыя фундаментальныя рэчы, Папа выкарыстоўвае зразумелыя для сучаснага чалавека вобразы, заўважыў арцыбіскуп Кандрусевіч. “Увогуле трэба сказаць, што Папа Францішак размаўляе вельмі зразумелай мовай, вельмі простай мовай. І таму ў энцікліцы ён выкарыстоўвае такія вобразы, як святло, голас, слуханне і адказ, выразна паказвае, чым з’яўляецца вера, а таксама адносіны веры да праўды і да любові. Першая частка і называецца “Мы паверылі любові”. Святы Айцец прадстаўляе феномен веры і апісвае чым яна ёсць, што яе не выдумалі людзі і яна – не плён чалавечага інтэлекту, але з’яўляецца Божай ініцыятывай. Для папы Францішка непрымальнае меркаванне, што вера – гэта нейкі светапогляд ці перакананні. Сучасны чалавек згаджаецца на прысутнасць хрысціянства ў сучасным грамадстве, але пад умовай, што Касцёл і Хрыстус будуць прадстаўлены як шэраг перакананняў, а не як аб’ектыўная праўда, бо ў такой інтэрпрэтацыі вера як быццам бы ўстаўлена ў цесныя рамкі перакананняў і светапогляду”, - пракаментаваў іерарх.

У другой частцы энцыклікі: “Калі не верыце, то не разумееце”, Папа піша пра цесную сувязь паміж верай і праўдай, а таксама паміж верай і любоўю. Праўда веры павінна быць прасякнута любоўю. Абыякавая да праўды вера не збаўляе, а вера без любові страчвае сваю тоеснасць. Папа адкрывае разважанні, распачатыя іншымі Пантыфікамі, аб дыялогу паміж верай і розумам, а таксама аб Божай праўдзе ў сучасным свеце, у якім яна часта атаясамліваецца з абмяжаваннем свабоды, заўважыў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі. Калі праўда вынікае з любові да Бога, то яна не абмяжоўвае свабоды чалавека і вядзе да павагі да іншага. Таму вера вядзе да дыялогу ў розных сферах жыцця чалавека, а ў галіне навукі яна абуджае крытычнае пачуццё і пашырае гарызонты розуму.

“Папа таксама заўважае, што тэалогія не магчыма без веры і таму належыць да дынамікі веры і імкнецца да глыбейшага пазнання Бога, кульмінацыяй якога з’яўляецца таямніца Хрыста. Бог – гэта не проста аб’ект, але і суб’ект, які можна і трэба пазнаць. Тэалогія – гэта не толькі слова пра Бога, але прыняцце і імкненне да глыбейшага зразумення слова, якое Бог накіроўвае да нас. Уласцівасцю тэалогіі з’яўляецца пакора, якая дазваляе “дакрануцца” да Бога, а таксама згодная з навукай Касцёла вера, святло якой з’яўляецца святлом Касцёла. Вучэнне Касцёла не абмяжоўвае тэалогіі, але з’яўляецца адным з яе элементаў, бо гарантуе кантакт з першаснай крыніцай – Хрыстом”, - нагадаў меркаванне Святога Айца іерарх.

У трэцяй частцы энцылікі: “Я даю вам, што атрымаў”, заўважыў арцыбіскуп, Папа канцэнтруецца на важнасці евангелізацыі. Ён кажа, што Касцёл – гэта наша Маці, якая вучыць нас карыстацца мовай веры, і нагадвае чатыры простыя, традыцыйныя, а можа для некага і новыя, шляхі пераказу веры. “Першае – гэта вызнанне веры, потым, удзел у сакрамэнтах, трэцяе – згоднае з Дэкалогам маральнае жыццё і, нарэшце, малітва. Першая энцыкліка Францішка мае вялікае пастырскае значэнне для Касцёла ў сучасным свеце, бо ясна заклікае набліжацца да Бога і паказвае адпаведныя для гэтага шляхі. Выключна важным элементам навучання Папы з’яўляецца яго перакананне, што адзінства веры з’яўляецца гарантыяй адзінства Касцёла. Мы бачым, якой ранай, што і цяпер крываточыць, з’яўляецца падзел Касцёла. А Езус Хрыстус казаў аб адзіным Касцёле”, - сказаў іерарх, каментуючы энцыкліку Пантыфіка.

У чацвёртай частцы энцыклікі: “Бог падрыхтаваў ім горад”, Папа апісвае сувязь паміж верай і агульным дабром. Вера, нагадвае ён, служыць справядлівасці, шанаванню правоў чалавека і захаванню міру і такім чынам спрыяе будаванню грамадскіх і сямейных адносін. “Энцыкліка таксама нагадвае пра ролю веры ў складаных жыццёвых сітуацыях, якімі могуць быць хвароба або цярпенне, і заахвочвае да захавання створанага Богам свету, прыроды, як нашага супольнага дома. Папа падкрэслівае, што вера дае надзею і дапамагае ў пераадоленні складаных сітуацый, бо без веры да чалавека прыходзіць страх. Таму Папа заклікае не дазволіць неадкладным рашэнням і прапановам гэтага свету забраць у нас надзею”, - нагадаў меркаванне Пантыфіка іерарх.

У заключэнні пад назвай: “Благаслаўлёная тая, якая паверыла”, Святы Айцец запрашае паглядзець на Марыю, як на ідэальны вобраз веры, якая, згаджаючыся з Божай воляй, з радасцю паверыла. Яе вера была плённай і радаснай. Такой павінна быць і наша вера. “Папа Францішак заахвочвае маліцца да Марыі, Маці Касцёла і нашай веры. Гэтыя словы мне падабаюцца, таму што і Будслаўскія ўрачыстасці насілі назву: “Марыя – Маці нашай веры”, і мы, самі таго не ведаючы, ужо трапілі ў гэта русла навучання Папы. Францішак заахвочвае адкрывацца на слуханне Божага слова, распазнаваць голас Бога і яго заклік, памятаць, што той, хто верыць, не застаецца самотным, глядзець на свет вачыма Езуса”, - нагадаў арцыбіскуп Кандрусевіч.

Энцыкліка “Lumen fidei”, паводле меркавання беларускага іерарха, з’яўляецца заклікам Пантыфіка адкрыцца на святло веры і перадаваць яе іншым. Менавіта ў гэтым праяўляецца дынамізм вучэння Касцёла і Наступніка св. Пятра – падвёў вынік сваіх разважанняў над першай энцыклікай папы Францішка арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.







All the contents on this site are copyrighted ©.