2013-07-09 15:05:30

Прадстаўнік Святога Пасаду адказаў крытыкам практыкі адпустаў


RealAudioMP3 Рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі, кс. пралат Кшыштаф Ныкель, пракаментаваў сённяшнее паведамленне аб рашэнні Святога Айца даць магчымасць атрымання поўнага і частковага адпустаў у сувязі з Сусветнымі днямі моладзі ў Рыа. Паводле святара, гэта ўпісваецца ў тое, да чаго ад пачатку пантыфікату заклікаў Папа – не баяцца прасіць у Бога прабачэння, бегчы ад спакусы і схільнасці да зла, шукаць прытулку ў міласэрнай любові Бога. Асабліва сённяшнія маладыя людзі, нагадаў рэгент, якія падвяргаюцца усякага роду спакусам – лёгкім грашам, алкаголю, наркотыкам, “неўпарадкаванаму” сексуальнаму жыццю – павінны ўсведамляць разбуральную сілу граху, а затым зрабіць выбар, каб адарвацца цалкам ад яго і адкрыць міласэрнасць Бога. Паколькі адпусты непасрэдна звязаны з адарваннем ад граху, Сусветныя дні моладзі могуць стаць для юнакоў і дзяўчат спрыяльнай магчымасцю адкрыць для сябе нанова важнасць сакрамэнту споведзі.

У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё прэлат адказаў таксама крытыкам практыкі адпустаў. Дар адпусту, падкрэсліў ён, упісваецца ў адмысловую місію Касцёла, абвяшчаць свету збаўленне. Ласка, па сутнасці, ёсць ні што іншае, як вызваленне ад часовай кары за грахі, учыненыя вернікам, ужо дараваныя яму праз сакрамэнт пакаяння, нагадаў святар. Таму, падкрэсліў ён, трэба скарыстацца гэтым вялікім дарам ласкі, які зыходзіць ад мацярынскага сэрца Касцёла. Адпуст з’яўляецца канкрэтнай праявай міласэрнасці, і аказвае станоўчы ўплыў толькі і выключна на таго, хто яго прымае, адзначыў рэгент Апостальскай Пэнітэнцыярыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.