2013-07-09 10:25:28

Кс. Ламбардзі: візіт Папы на Лампедузу – насычаны, гістарычны і знакавы


RealAudioMP3 Прадстаўнік Святога Пасаду пракаментаваў учарашні візіт Францішка на Лампедузу. “Неверагодная падзея, насычаная, гістарычная і знакавая”, - так ахарактэрызаваў пілігрымку Папы кс. Ламбардзі, Кіраўнік Залы Друку, адразу пасля яе завяршэння. “Папа, - сказаў ён, - быў вельмі крануты ветлівасцю Лампедузы”, не столькі да яго самаго, колькі да эмігрантаў. Асноўнай ідэяй паездкі стаў заклік да людзей і міжнароднай супольнасці прыняць адказнасць за людзей, якія апынуліся ў цяжкім становішчы. Гэта падарожжа, адзначыў святар, дало свету праўдзівае сведчанне, рэха якого, несумненна, будзе распаўсюджвацца. І на гэта, паводле кс. Ламбардзі, вельмі спадзяецца Пантыфік.

Кіраўнік Залы Друку заўважыў, што Святы Айцец адкрыта звяртаецца да адказных за міжнародныя інстытуты, спасылаючыся на іх сумленне, каб не вызвалялі сябе ад адказнасці ў адносінах да драмы эміграцыі. Папа нагадвае, што менавіта гэтыя асобы валодаюць рэальнай уладай уплываць на рашэнні, якія маюць наступствы эканамічныя, сацыяльныя і палітычныя. Пантыфік не абвінавачвае кагосьці канкрэтна, паколькі адказнасць за лёс эмігрантаў ляжыць абсалютна на ўсіх.

Кс. Ламбардзі пракаментаваў таксама словы Францішка да эмігрантаў-мусульман, у сувязі з пачаткам Рамадана. Паводле прадстаўніка Святога Пасаду, Пантыфік ужо неаднаразова прадэманстраваў сваю -адкрытасць да дыялогу з усімі. Гэта была яшчэ адна магчымасць, - патлумачыў ён - узгадаць, што многія эмігранты, якія прыбываюць сюды з афрыканскіх краін, на самой справе мусульмане.

Францішак прыехаў на Лампедузу спецыяльна, каб зрабіць заяву пра сур’ёзнасць драмы эмігрантаў, адзначыў кс. Ламбардзі. Гэтым падарожжам Папа выказаў надзею на лепшую будучыню для свету, які сёння не заўважае пакут шматлікіх асоб.







All the contents on this site are copyrighted ©.