2013-07-08 11:17:26

Францішак на Лампедузе: хто адказны за смерці эмігрантаў?


RealAudioMP3 8 ліпеня 2013 г. папа Францішак, падчас свайго першага афіцыйнага апостальскага візіту, узначаліў на стадыёне італьянскага вострава Лампедуза св. Імшу з удзелам тысяч мясцовых жыхароў і эмігрантаў, якія прыбылі сюды галоўным чынам з Афрыкі. Менавіта да іх трагедыі звярнуўся падчас сваёй гаміліі Пантыфік. Многія з іх загінулі ў моры, на лодках, якія замест таго, каб прывесці іх да надзеі, праклалі дарогу да смерці, з горыччу адзначыў Папа і спаслаўся на нядаўні чарговы інцыдэнт з патапленнем лодкі з эмігрантамі каля берагоў Лампедузы. Пантыфік прызнаўся, што менавіта гэта навіна прымусіла яго прыбыць на востраў, “каб маліцца, прадэманстраваць блізкасць, але і абудзіць наша сумленне, каб тое, што адбылося, больш не паўтарылася”. Францішак падзякаваў мясцовым жыхарам, валанцёрам і сілам бяспекі, якія дэманструюць сваю ўвагу да эмігрантаў, і запэўніў апошніх, што Касцёл разам з імі ў пошуку больш годнага жыцця для іх і іх сем’яў.

Святы Айцец спаслаўся на біблійны фрагмент, дзе Бог шукае Адама пасля першароднага граху. “Адам, дзе ты?”, - гэта першае пытанне, якое Бог задае чалавеку пасля граху, нагадаў Папа. “Дзе ты?”, - гэта пытанне Ён кіруе да дэзарыентаванага чалавека, які страціў месца ў сусвеце, бо паверыў, што стане мацнейшым, будзе дамінаваць над усім, стане Богам. Менавіта пасля граху была парушана гармонія: чалавек памыляецца, і гэта адлюстроўваецца на адносінах з іншымі, ён больш не брат, якога трэба любіць, а проста іншы, які непакоіць маё жыццё, мой дабрабыт, заўважыў Папа і дадаў, што Бог кіруе і другое пытанне: “Каін, дзе твой брат?”. “Мара аб тым, каб быць магутным, каб быць гэтак жа вялікім, як Бог, ці, дакладней, быць Богам, прыводзіць да ланцуга памылак, ланцуга смерцяў, прыводзіць да праліцця крыві брата!”, - адзначыў Святы Айцец.

Гэтыя два пытанні, на думку Папы, гучаць і сёння з такой жа сілай. Сённяшні чалавек дэзарыентаваны, больш не ўважлівы да свету, у якім жыве, не клапоціцца аб ім, чалавек не ўстане сёння нават клапаціцца аб тых, хто побач з ім. Такая дэзарыентацыя прыводзіць да трагедый Адама і Каіна. “Нашы браты і сёстры спрабавалі выйсці са складанай сітуацыі, каб знайсці крыху спакою і міру, у пошуку лепшага месца для сябе і сваіх сем’яў, але былі забітыя”, - сказаў Папа і запрасіў быць салідарнымі з эмігрантамі, разумець і прымаць іх.

Хто нясе адказнасць за кроў забітых эмігрантаў? – запытаў Францішак і адзначыў, што кожны адказвае сёння: “Гэта не я!”. Папа назваў гэта “глабальнай абыякавасцю”. “Мы ўжо прывыклі да пакутаў іншых, яны нас не кранаюць, не клапоцяць, гэта не наша справа!”, - заўважыў Пантыфік і дадаў, што “глабалізацыя абыякавасці робіць ўсіх нас “безыменнымі”, безназоўнымі і безаблічнымі перад адказнасцю. Папа заклікаў прасіць Бога, сцерці тое, што засталося ў нашых сэрцах ад Ірада, прасіць аб міласэрнасці, каб знішчыць абыякавасць і жорсткасць у свеце. Пантыфік папрасіў прабачэнне “за абыякавасць шматлікіх братоў і сясцёр”, тых, хто “закрываецца ў сваім уласным дабрабыце, які прыводзіць да знечулення сэрца” і тых, хто “сваімі рашэннямі па ўсім свеце стварылі сітуацыі, якія прыводзяць да такіх трагедый”, якія здараюцца на Лампедузе.

Францішак, біскупы і святары былі апрануты падчас св. Імшы ў літургічную вопратку фіялетавага колеру, якая ўжываецца падчас пахавальных набажэнстваў, каб падкрэсліць пакутны характар літургіі.

Падарожжа Папы на Лампедузу будзе доўжыцца 5 гадзін. Ён прыляцеў сюды з рымскага аэрапорта “Чампіна” каля 9.15, пасля чаго перамясціўся аўтамабілем у порт “Cala Pisana” адкуль адправіўся суднам у порт Лампедузы. Па дарозе яго суправаджалі рыбакі, а Святы Айцец кінуў у ваду вянок у памяць аб тых, хто аддаў свае жыцці ў моры. У порце Лампедузы Пантыфік сустрэўся з групай эмігрантаў, якія чакалі яго на мясцовым пірсе.







All the contents on this site are copyrighted ©.