2013-07-07 13:16:59

Папа перад “Анёл Панскі”: Езус не жадае ў адзіночку выконваць сваю місію (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Да адкрытасці на праблемы свету і яго духоўныя патрэбы заклікаў папа Францішак сабраных на плошчы св. Пятра. Дзесяткі тысяч вернікаў прыбылі 7 ліпеня да акна Апостальскага палацу на малітву “Анёл Панскі” са Святым Айцом. Прыкладам адкрытасці з’яўляецца для кожнага хрысціяніна Езус, які не жадаў замкнёнасці вучняў у сваім асяроддзі, таму высылае іх па вёсках і гарадах абвяшчаць Добрую Навіну. Пантыфік перасцярог ад страты галоўнай мэты прабывання ў супольнасці. Тут самае важнае не бавіць час разам або сустракацца для размовы, але абвяшчаць Божае Валадарства. Святы Айцец спаслаўся на ўрывак Евангелля, прызначаны Касцёлам на сённяшнюю нядзелю, і заўважыў, што семдзесят два вучні, якіх Езус пасылае прапаведаваць, гэта ў сучасным сэнсе кожны вернік, які працуе для Божага Валадарства, асабліва сярод хворых і патрабуючых.

“Перш за ўсё, я хачу падзяліцца з вамі радасцю, якая спаткала нас учора і сёння, адмысловая пілігрымка семінарыстаў і навіцыяў у “Год веры”. - сказаў Папа - Калі ласка, маліцеся за іх, каб любоў Хрыста ўсё больш і больш сталела ў іх жыцці, і яны сталі праўдзівымі місіянерамі Божага Валадарства.

Евангелле гэтай нядзелі (Лк 10, 1-12.17-20) апавядае нам менавіта аб гэтым: што Езус не з’яўляецца нейкім ізаляваным місіянерам; Ён не жадае ў адзіночку выконваць сваю місію, але ўключае ў яе сваіх вучняў. І сёння мы бачым, што, у дадатак да дванаццаці апосталаў, Ён кліча іншых семдзесят двух і пасылае іх у гарады, па двух, каб абвяшчаць, што Валадарства Божае блізка. Гэта цудоўна! Езус не хоча дзейнічаць у адзіночку; Ён прыйшоў прынесці свету Божую любоў і хоча распаўсюдзіць яе з дапамогай стылю адносін, стылю братэрства. Для гэтай формы Ён патрабуе супольнасць вучняў, якая з’яўляецца супольнасцю місійнай. Ён адразу выпраўляе іх з місіяй, у шлях.

Але трэба быць асцярожнымі: мэтай не з’яўляюцца самі зносіны, правядзенне часу разам, не, мэта ў тым, каб абвяшчаць Божае Валадарства, і гэта тэрмінова, таксама і сёння. Там няма магчымасці марнаваць час у свецкай гутарцы, няма патрэбы чакаць згоды ўсіх, ёсць неабходнасць ісці і аб’вяшчаць. Несці ўсім святло Хрыста, і калі не будзе прынята, трэба ісці далей, не звяртаць увагі на гэта. Несці вылячэнне хворым, бо Бог жадае вылечыць чалавека ад усялякага зла. Колькі місіянераў робіць менавіта так! Сеюць, ахвяруючы жыццё, здароўе, камфорт, на перыферыях свету.

Як гэта цудоўна: не жыць для сябе, але жыць, каб ісці і рабіць дабро. Сёння шмат маладых людзей на плошчы, падумайце пра гэта, спытайце: можа Езус кліча, каб я вырушыў, выйшаў ад сябе і рабіў дабро? Вас, моладзь, вас, юнакі і дзяўчаты, я пытаюся: вы маеце мужнасць зрабіць гэта? У вас ёсць мужнасць слухаць голас Езуса? Гэта выдатна – быць місіянерам! Вы цудоўныя, вы мне падабаецеся!

Гэтыя семдзесят два вучні, якіх Езус паслаў перад сабой, хто яны? Каго яны прадстаўляюць? Калі Дванаццаць з’яўляюцца апосталамі, і, такім чынам, уяўляюць біскупаў, іх наступнікаў, то гэтыя семдзесят два могуць прадстаўляць іншых пасвечаных асоб, святароў і дыяканаў, але ў больш шырокім сэнсе мы можам думаць пра іншыя служэнні ў Касцёле, катэхетаў і свецкіх вернікаў, якія ўдзельнічаць у місіі парафій, пра тых, хто працуе з хворымі, змагаецца з рознымі формамі дыскамфорту і адчужэння, але заўсёды ў якасці місіянераў Евангелля, з тэрміновасцю Божага Валадарства, што ёсць блізка. Кожны павінен быць місіянерам, кожны можа пачуць гэты заклік Езуса і пайсці, аб’вяшчаючы Божае Валадарства.

Евангелле кажа, што гэтыя семдзесят два вучні вярнуліся са сваёй місіі поўныя радасці, таму што яны выпрабавалі сілу Хрыстовага Імя супраць зла. Езус гэта пацвярджае: гэтым вучням Ён дае сілы для перамогі над злом. І ў той жа час дадае: “Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах” (Лк 10,20). Мы не павінны хваліцца, як быццам бы мы былі галоўнымі героямі: герой – адзін, гэта Пан, герой – гэта ласка Пана. Гэта – адзіны герой. І наша радасць толькі ў гэтым: быць Яго вучнямі, быць ягонымі сябрамі. Няхай Маці Божая дапамагае нам быць добрымі слугамі Евангелля”, - заключыў Папа.

Дарагія сябры, радасці. Не бойцеся быць радаснымі. Не бойцеся радавацца. Не бойцеся радасці. Гэта радасць, якую дае Пан, калі мы дазваляем Яму ўвайсці ў наша жыццё. Дазволім Яму прыйсці ў наша жыццё, каб запрасіць нас выйсці на перыферыі і там абвяшчаць Евангелле. Не бойцеся радасці! Радасці і мужнасці!

Сёння на плошчы св. Пятра сярод тысяч вернікаў была прысутная італьянская моладзь, якая праз некалькі дзён накіруецца на Сусветныя дні моладзі ў Рыа-дэ-Жанейра. Пантыфік пажадаў маладым людзям разам прайсці праз “гэта вялікае свята веры”.







All the contents on this site are copyrighted ©.