2013-07-07 16:32:24

Мінск: папскі пасланнік завяршыў свой візіт у Беларусь


RealAudioMP3 Папскі легат, кардынал Жан-Луі Таран, завяршыў свой візіт у Беларусь. Напрыканцы падарожжа, якое ён здейсніў у гонар 400-годдзя прыбыцця іконы Маці Божай у Будслаў, ватыканскі іерарх узначаліў св. Імшу ў мінскім архікатэдральным касцёле. На пачатку Эўхарыстыі да высокага госця звярнуўся арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі і падзякаваў кардыналу за яго візіт. Іерарх коратка распавёў гісторію мінскай архікатэдры, адзначыўшы, што доўгія гады ў савецікя часы храм быў спартыўнай залай. Кардынал у сваю чаргу адказаў, што вельмі рады быць сярод беларусаў і прадстаўляць папу Францішка. Іерарх прапанаваў у цішыні ўзгадаць усіх тых, дзякуючы каму цяпер людзі могуць маліцца ў гэтай святыні.

Папскі пасланнік адзначыў, што ніколі не было часоў, калі б хрысціян не пераследавалі. Але Езус ва ўсе часы патрабуе ад нас жыць у адпаведнасці з пасланнем, якое абвяшчаем. Не магчыма быць хрысціянамі і весці падвойнае жыццё. Езус заклікае кожнага да свабоды і таму мы не павінны прывабліваць кагосьці для навяртання ў сваю веру з дапамогай багацця, прэстыжу або празелітызму. Каталіцкі Касцёл ніколі не навязваў Евангелля сілай, але заўсёды імкнуўся пераканаць чалавека ў яго праўдзівасці і неабходнасці, нагадаў ватыканскі іерарх.

Кардынал Жан-Луі Таран адзначыў, што Беларусь перажыла часы, калі Бога хацелі назаўжды выкінуць з жыцця. Але гэта не ўдалося, таму што Бог заўсёды сярод нас.







All the contents on this site are copyrighted ©.