Пантыфік: ніколі не забыцца першай сустрэчы з Хрыстом
Сэрцам Божага паслання
з’яўляецца міласэрнасць, перакананы папа Францішак. 5 ліпеня падчас ранішняй Эўхарыстыі
ён засяродзіўся над фрагментам Евангелля пра пакліканне Мацвея. “Міласэрнасці хачу,
а не ахвяры”, - паўтарыў Папа словы Езуса да фарысеяў, якія крытыкавалі Збаўцу, што
Ён есць з грэшнікамі. Мытнікі, - патлумачыў Пантыфік - былі асаблівымі грэшнікамі,
нават здраднікамі, бо збіралі падаткі ад свайго народа для рымлян. А Езус, сустракаючы
мытніка Мацвея, глядзіць на яго з міласэрнасцю. Менавіта гэта дапамагло чалавеку,
так прывязанаму да грошай, кінуць усё і пайсці за Хрыстом. Мацвей прыняў “гэты час
міласэрнасці”.
Езус не спыняецца на прабачэнні грахоў, ён святкуе з грэшнікамі
за адным сталом. Гэта свята Божай міласэрнасці, якая змяняе жыццё, заўважыў Францішак.
Але пасля гэтага свята наступае “штодзённая праца”, дадаў Папа. Гэта праца павінна
чэрпаць энергію з той першай сустрэчы, таго свята. Мы ніколі не можам забыцца той
першай сустрэчы з Хрыстом, якая змяніла наша жыццё, сказаў Пантыфік.
У евангельскай
прыпавесці гаворыцца пра адмову многіх запрошаныя на свята Пана. Таму Езус хадзіў,
“шукаючы бедных, хворых, і святкаваў з імі”. Езус ідзе далей, ён святкуе таксама і
з грэшнікамі. Ён не хацеў “варыцца ва ўласным соку”, Ён прыйшоў да нас, грэшнікаў,
нагадаў Папа і заклікаў ніколі не забывацца і цаніць гэта.