2013-07-05 09:46:02

Кардынал Таран у Беларусі: у дыпламатыі на першым месцы не дзяржава, а чалавек


RealAudioMP3 4 ліпеня кардынал Жан-Луі Таран, старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, які прыбыў у якасці спецыяльнага легата Святога Айца Францішка на юбілейныя ўрачыстасці ў Будславе, сустрэўся з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Сустрэча прайшла ў Мінскім Епархіяльным упраўленні. Як паведамляе афіцыйны партал Беларускай Праваслаўнай Царквы, падчас размовы кардынала з Мітрапалітам Філарэтам было, у прыватнасці, закранута пытанне дзяржаўна-царкоўных адносін у Беларусі. Легат адзначыў, што бачыць добрую волю беларускіх уладаў і асабіста Прэзідэнта да ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з канфесіямі. Суразмоўцы абмеркавалі таксама стан і перспектывы дыялога Каталіцкага Касцёла і Рускай Праваслаўнай Царквы.

Таксама 4 ліпеня ў Мінску адбыўся ўрачысты прыём у гонар прыбыцця ў Беларусь старшыні Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, на якім прысутнічалі прадстаўнікі ўраду Беларусі, дыпламатычнага корпусу, хрысціянскіх канфесій і іншых рэлігій. Падчас вайго выступлення кардынал Таран звярнуў увагу на значэнне сучаснай дыпламатыі. Па словах іерарха, “калі на працягу многіх стагоддзяў дыпламатыя займалася пытаннямі вайны і міру, то сёння, са з’яўленнем паняцця “чалавечнасць”, яна перш за ўсё праяўляе клопат аб чалавечай асобе і яе правах”, “рашаючую ролю адыгрывае ўжо не дзяржава, заклапочаная сваімі інтарэсамі, а чалавечая асоба”.

Дыпламатыя Святога Пасаду, заўважыў легат, якога цытуе catholic.by, “заўсёды імкнецца зразумець каштоўнасці розных народаў, паважаць іх гісторыю і заклікаць да дыялога”. Рэлігіі, як адзначыў кардынал, “з’яўляюцца часткай тых “глыбінных сілаў”, якія неабходна ўлічваць пры “добраўпарадкаванні” жыцця народаў”, бо рэлігіі, міжнацыянальныя па сутнасці, “пераадольваюць межы, прабуджаюць салідарнасць і нараджаюць адносіны паміж культурамі і грамадствамі”.







All the contents on this site are copyrighted ©.