2013-07-05 14:55:50

Будслаў сабраў дзесяткі тысяч пілігрымаў


RealAudioMP3 Блакітнае неба, нізкія белыя аблокі і вялізны санктуарый сустракалі сёння шматлікіх пілігрымаў у Будславе. Тысячы вернікаў, як рэкі ў мора, сцякаліся з розных бакоў у цэнтр ушанавання адной з самых вядомых ікон Беларусі – Будслаўскай. За сотні метраў былі чутны іх спевы. З Мінска – амаль 130 кіламетраў, з Гродна – 400 кіламетраў – у гонар 400-годдзя прыбыцця цудаддзейнага абраза. Грамадскім транспартам (цягнікі і аўтобусы), на аўтамабілях, роварах, пешшу. Некоторыя пілігрымы правялі ў падарожжы 3, 5 ці нават 7 дзён, і сёння, убачыўшы мэту, ужо забыліся і пра боль у нагах, і пра спякоту. Кацярына Арэхава з Нарачы ў пілігрымцы – ужо трэці раз, а на ўрачыстасцях у Буславе – 10. “Выхадзілі мы, было вельмі добрае надвор’е, і прыйшлі – таксама добрае надвор’е. Не замарыліся, таму што ішлі да Бога. Кожны ідзе са сваёй інтэнцыяй, але заўсёды адчуваеш радасць, калі ідзеш да Бога”, - сказала яна.

У Будслаў прыбылі каля 45 тысяч пілігрымаў – з Беларусі, Расіі, Літвы. На ўрачыстасцях прысутнічаюць шматлікія беларускія іерархі, прадстаўнікі духавенства з-за мяжы. Ксёндз Ірынэуш Копач з Германіі кожнае лета прыязджае ў Будслаў. На яго думку, гэта дзіўнае мейсца, сапраўдны духоўны цэнтр краіны, і менавіта ў такія святы важна адчуць моц адзінай малітвы. Асабліва ў параўнанні з некаторымі краінамі Заходняй Еўропы, дзе людзі не ідуць, а наадварот, адыходзяць ад Бога. “Гэта сапраўды вялікае свята. Мы давяраем супольнасць Маці Божай, молімся таксама за Беларусь. І просім малітваў за Германію – там нават прадаюць і закрываюць касцёлы, таму што людзей няма, шматлікія проста выпісваюцца з Касцёла. І няхай нам Беларусь дапамагае праз малітву”, - папрасіў святар.

Каталіцкі Касцёл у Беларусі рыхтаваўся да юбілею тры гады. Перамяніўся і сам Будслаў – знешні выгляд санктуарыя і тэрыторыя вакол храма. Такога маштабнага паломніцтва ў сучаснай гісторыі, магчыма, яшчэ і не было. Але вядома адно – усе 400 гадоў да абраза Маці Божай Будслаўскай ідуць людзі. І нават у савецкія часы – адзначыў кусташ Нацыянальнага санктуарыя, айцец Віктар Бурлака. “Будслаў налічвае больш за 500 гадоў гісторыі, а мы ведаем, што адбывалася тут апошнія 50-100 гадоў. Я ведаю адно, што ўсе чатыры стагоддзі людзі ідуць да абраза. І колькасць пілігрымаў павялічваецца з кожным годам. Для мяне галоўнае, што кожны чалавек мае магчымасць прыйсці ў Будслаў і праз заступніцтва Маці Божай даверыць сваё жыццё Богу”, - прызнаўся францішканін.

У гэтым годзе, па традыцыі, афіцыйны партал Каталіцкага Касцёла ў Беларусі вядзе інтэрнэт-трансляцыю галоўных падзей у Будславе. Каб аператыўна расказваць аб навінах адны працуюць у памяшканні, іншыя прама сярод пілігрымаў. Гэта асаблівасць гэтага года – адна супрацоўніца на працягу ўсяго шляху вяла онлайн-дзённік – паведаміў кіраўнік партала “Catholic.by” кс. Юрый Марціновіч. “Запрашаем усіх далучыцца да ўрачыстасцяў. Гэта важная падзея для ўсіх, асабліва для католікаў Беларусі. І тыя, хто не можа быць тут, у Будславе, можа далучыцца духоўна праз Інтэрнэт”, - сказаў ён.

Прывіталі сёння і копію абраза Будслаўскай іконы Божай Маці, якая яшчэ у прошлым годзе адправілася ў перэгрынацыю па беларускіх парафіях. Сустракалі у Будславе і папскага легата – кардынала Жан-Луі Тарана, кіраўніка Папскага савета па межрэлігійнаму дыялогу, які прыбыў спецыяльна на 400-годдзе Будслаўскай іконы Маці Божай. У 18.00 ён скіруе слова да прысутных, а затым пачалася св. Імша для пілігрымаў. Кульмінацыяй свята стануць начная працэсія з Будслаўскай іконай і заўтрашняя ўрачыстая Эўхарыстыя, якую ўзначаліць у 11.00 кардынал Жан-Луі Таран.

Ларыса Абрамчук, Будслаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.