2013-07-04 11:54:30

Пантыфік: у хрысціяніна ніхто не можа скрасці яго статус сына Божага


RealAudioMP3 У хрысціяніна ніхто не можа скрасці яго ідэнтычнасць, якая палягае на быцці дзіцём Божым у Хрысце, перакананы папа Францішак. 4 ліпеня падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Доме св. Марты ён засяродзіўся на фрагменце Евангелля аб вылячэнні паралізаванага. Езус на пачатку кажа: “Будзь адважным, сыне, адпускаюцца табе грахі”, нагадаў Святы Айцец і заўважыў, што аздароўлены быў, скарэй за ўсё, крыху “шакаваны”, бо ён хацеў вылечыцца фізічна. Але глыбіня цуду Езуса палягае на прабачэнні грахоў і прымірэнні з Богам, падкрэсліў Францішак. “Гэта прымірэнне з’яўляецца аднаўленнем спакою: гэта найважнейшая місія Езуса. Адкупленне ўсіх нас, грэшнікаў, Езус здзяйсняе не на словах, не з дапамогай жэстаў, не ходзячы па дарозе! – заўважыў Пантыфік. “Ён робіць гэта сваім целам! Ён, Бог, які становіцца адным з нас, чалавекам, каб вылечыць нас знутры, нас, грэшных”, - дадаў ён.

Езус вызваляе нас ад граху, прымаючы на сябе “увесь грэх” і “гэта, - сказаў Папа - з’яўляецца новым стварэннем”. Гэта самы вялікі цуд, паводле Францішка, што дзякуючы Езусу мы можам сказаць Богу, Ойча. Без Хрыста гэтага не адбылося б ніколі. Але гэта забавязвае, звярнуў увагу Пантыфік – называцца дзецьмі Божымі. Толькі цяпер - сказаў на заканчэнне Папа - мы можам зразумець, калі Езус кажа: “Будзь адважным, сыне, адпускаюцца табе грахі”.

“Гэта корань нашай мужнасці. Я – вольны, я – сын... Мяне любіць Айцец, і Я люблю Айца!”, - адзначыў Францішак. Ён заклікаў прасіць ласку зразумення гэтага Божага твору – прымірэння свету ў Хрысце, і мужнасці несці слова прымірэння ў свет са свабодай дзяцей Божых. “Мы збаўлены ў Езусе Хрысце! І ніхто не можа выкрасці гэта пасведчанне нашай ідэнтычнасці”, - падкрэсліў Святы Айцец і не без гумару заўважыў, што, калі ўжыць “пашпартную” лексіку, статус хрысціяніна трэба акрэсліць – як сын Божы, а яго грамадскае становішча – свабодны.







All the contents on this site are copyrighted ©.