2013-07-04 10:43:32

Аляксандр Лукашэнка прыняў кардынала Тарана


RealAudioMP3 Беларусь змагла забяспечыць міжканфесійныя мір і згоду. Аб гэтым заявіў сёння Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы са старшынёй Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу, кардыналам Жан-Луі Таранам, перадае “БЕЛТА”. На думку Прэзідэнта, у Беларусі няма праблем ва ўзаемаадносінах дзяржавы і Каталіцкага Касцёла. Ён запэўніў, што каталіцкая канфесія, як і раней, будзе займаць годнае месца ў краіне. Кардынал Таран прыбыў на святкаванне 400-годдзя знаходжання іконы Маці Божай у Будславе ў якасці Папскага легата. Урачыстасці пройдуць у нацыянальным санктуарыі 5-6 ліпеня.

“Мне прыемна бачыць Вас у Беларусі, і я вітаю вас на нашай беларускай зямлі. Вельмі спадзяюся, што Ваша знаходжанне ў Беларусі будзе паспяховым і што пытанняў для перажыванняў і хваляванняў, якія б выклікалі дадатковыя праблемы, у нас сёння няма”, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён падзяліўся, што ў Беларусі забяспечаны міжканфесійны мір і стабільнасць. “Мяне задавальняе, што дзве вядучыя Цэрквы (Праваслаўная і Каталіцкая) знайшлі шляхі, па якіх могуць развіваць супрацоўніцтва”, - сказаў Прэзідэнт, характэрызуючы гэтыя адносіны як канструктыўныя і карысныя для дзяржавы.

На думку кіраўніка краіны, у апошні час шмат зроблена для Цэркваў, у тым ліку Рыма-каталіцкай. Так, нядаўна было прынята рашэнне аб будаўніцтве каталіцкага духоўна-адукацыйнага цэнтра. “Невырашальных пытанняў у нас няма. - заявіў Аляксандр Лукашэнка - Я хацеў бы запэўніць вас і папрашу перадаць Папе Рымскаму, што каталіцкая канфесія, як і раней, будзе займаць годнае месца ў Беларусі”. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што грамадзяне Беларусі маюць і будуць мець поўны доступ да рэалізацыі сваіх рэлігійных перакананняў.

Папскі легат перадаў найлепшыя пажаданні ад папы Францішка і благаслаўленне ўсяму беларускаму народу. Кардынал Жан-Луі Таран адзначыў, што цяперашні візіт з’яўляецца яго “першай паездкай у Беларусь”. “Мне цікава на месцы азнаёміцца з рэаліямі, паглядзець, як адбываецца дыялог канфесій”, - цытуе іерарха “Інтэрфакс”. “Як важна, калі існуе добры кантакт паміж прадстаўнікамі канфесій і прадстаўнікамі дзяржавы”, - дадаў старшыня Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. “Таму мне прыемна чуць вашы словы, што ўсе канфесіі знайшлі ў Беларусі дом, каб магчы размаўляць, супрацоўнічаць адзін з адным і жыць у згодзе”, - падкрэсліў Папскі легат.







All the contents on this site are copyrighted ©.