2013-07-03 14:35:09

Католікі супярэчліва пра сітуацыю ў Егіпце


RealAudioMP3 Паходзячы з Егіпта кансультант Генеральнага сакратарыяту Сінода Біскупаў а. Самір Халіл Самір прадказвае сыход цяперашняга кіраўніцтва краіны. Новыя выбары з’яўляюцца, паводле тэолага і спецыяліста па Блізкім Усходзе, адзіным разумным рашэннем. Мурсі і яго каманда, якая складаецца ў асноўным з членаў руху “Браты-мусульмане”, прывялі Егіпет да культурнага, палітычнага і эканамічнага калапсу. Калі выбары не адбудуцца, падзеі могуць абвастрыцца яшчэ больш. Святар не выключае, што да ўлады прыдуць іншыя людзі, хоць ён не ўпэўнены, ці прынясуць яны паляпшэнне сітуацыі.

“Арабская вясна” расчаравала хрысціян рэгіёну. Становішча паслядоўнікаў Хрыста, пасля грамадскіх пратэстаў і палітычных зменаў у Егіпце, неаднойчы каментавалі мясцовыя іерархі. Яны заяўлялі, што сітуацыя хрысціян сёння горшая, чым калі-небудзь. Ствараецца ўражанне, што хрысціян сістэматычна выганяюць з арабскага свету. Жанчыны, якія носяць замест хустак крыж на грудзях, знаходзяцца ў вялікай небяспецы. Наведванне храму можа для іх скончыцца смерцю.

Хрысціянскія лідэры краіны звярталіся таксама да Еўрапейскага Саюза з заклікам ўлічваць сітуацыю, якая склалася пры размеркаванні фінансавай дапамогі ў Егіпце. Еўропа, падкрэслівалі яны, павінна гаварыць на адной мове і патрабаваць абароны меншасцяў. Недапушчальна, каб на вачах свету Егіпет забіваў хрысціянства . Яны неаднаразова заклікалі кіраўніцтва ЕС змяніць стаўленне да егіпецкіх уладаў.

Пасля ўчарашняй прамовы Мурсі, падчас якой ён пацвердзіў цвёрды намер застацца ва ўладзе да канца тэрміну, людзі расчараваныя, баючыся таго, што надыдзе новы віток насілля, прызнаўся копцка-каталіцкі біскуп Мінья Ботрас Фахім Авад Ханна. Палітычны і сацыяльны крызіс, паводле яго, пагражае перарасці ў грамадзянскую вайну. У сутыкненнях паміж мільёнамі апазіцыйных да Мурсі маніфестантаў з праўладнымі групамі, звязанымі з рухам Браты-мусульмане”, ужо загінула больш за дзесяць чалавек і сотні атрымалі раненні.







All the contents on this site are copyrighted ©.