2013-07-03 10:48:05

Арганізатар экуменічных форумаў за стварэнне хрысціянскага культурнага альянсу ў Беларусі


RealAudioMP3 Перадумовы для далейшага развіцця праваслаўна-каталіцкага дыялогу ў Беларусі ёсць, лічыць Грыгорый Даўгяла, загадчык цэнтра міжнародных сувязяў Інстытута тэалогіі Белдзяржуніверсітэта. Акрамя таго, што праваслаўныя і католікі – гэта дзве самыя вялікія хрысціянскія супольнасці ў Беларусі, якія вядуць дыялог на аснове ўзаемаразумення і супрацоўніцтва, сучасная эпоха дае яшчэ шмат новых аргументаў для развіцця гэтай працы. “Мы бачым, што свет становіцца глабальным, сучасны чалавек акунуўся ў цэлы шэраг выклікаў, якія яго і бянтэжаць, і прымушаюць па-іншаму паглядзець на сябе, на адносіны з грамадствам і прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх Цэркваў. - адзначыў Грыгорый Даўгяла ў інтэрв’ю Ватыканскаму радыё - Тут хрысціянам, найперш католікам і праваслаўным, вельмі важна выйсці на стварэнне хрысціянскага культурнага альянса, садружнасці. Нам нікуды не дзецца ад гэтых хваляў глабалізацыі, таму трэба стварыць сумесныя хвалярэзы, каб структурыраваць гэтыя працэсы і атрымаць карысць ад гэтых працэсаў для хрысціянскага дабравесця, для захавання хрысціянскіх традыцый”.

У Беларусі, лічыць арганізатар праваслаўна-каталіцкіх форумаў, даволі спрыяльныя ўмовы, нягледзячы на некаторыя цяжкасці, для развіцця дыялогу, будавання гэтых адносін, правядзення сумесных мерапрыемстваў. І кіраўнікі Цэркваў гэта разумеюць, ёсць падтрымка і з боку дзяржавы, якой, магчыма, з прагматычнага пункту гледжання, важна, каб такі дыялог і міралюбнасць у Беларусі існавалі.

“І гэтым трэба карыстацца. - лічыць спадар Даўгяла - Сучасны чалавек чакае сумеснага сведчання хрысціян па многіх пытаннях. Давайце паглядзім, калі з агульных філасофскіх пазіцый, сучасны чалавек вельмі добра абсталяваны тэхнічна, ён не ведае адказаў на тры галоўных пытанні, якія ўсё роўна жывуць унутры і вярэдзяць душу: на што нам дадзена спадзявацца, куды мы ідзём і што нам дадзена ведаць? Сучасны чалавек падобны да вадзіцеля дарагой машыны з моцным рухавіком, які выкінуў навігатар. Задача і праваслаўных, і католікаў, і іншых традыцыйных хрысціянскіх супольнасцяў – імкнуцца вярнуць у галовы людзей “навігатар”, пастарацца абараніць тыя каштоўнасці, тыя традыцыі, якія зараз размываюцца – сямь’я, этыка і інш. Гэта вельмі важна”.

У гэтым сэнсе шмат робіцца і намаганнямі кіраўнікоў і Праваслаўнай Царквы, і Каталіцкага Касцёла . Напрыклад, у маі прайшла канферэнцыя, прысвечаная пытанням біяэтыкі: дасягненням генетыкі, новых тэхналогій, якія з аднаго боку даюць людзям надзею, а з другога – велімі часта з’яўляецца спакусай пераступіць праз чалавечую годнасць. Хрысціян непакояць праекты, звязаныя з экперыментамі над эмбрыёнамі, з сурагатным мацярынствам – адзначыў Грыгорый Даўгяла. “Хрысціянскі погляд на прыроду чалавека не дазваляе пагадзіцца з такой магчымасцю і адзіная пазіцыі, якая была выказана па выніках канферэнцыі ў рэзалюцыі, прынятай католікамі, праваслаўнымі, лютэранамі і баптыстамі, якія таксама прымалі ўдзел у гэтай канферэнцыі, яна – адзінае сведчанне аб поглядзе на хрысціянскія каштоўнасці і на гэтыя пытанні. У лістападзе ў нас плануецца правядзенне чарговай канферэнцыі з серыі нашых межканфесійных, межрэлігійных сустрэч, якія праводзяцца раз у 2 гады. Яна будзе прысвечана пытанню: “Хрысціянская антрапалогія перад выклікам сучаснасці”. Гэта праваслаўна-каталіцкая сутрэча, якая заўсёды адкрыта і для ўдзелу пратэстантаў, юдэяў, мусульман, якая дазваляе знайсці даволі шырокую платформу для аналізу таго, што адбываецца. Такім чынам і будуць закранацца пытанні адносін да прыроды чалавека, як сучасная культура глядзіць на чалавека, што станоўчага, што небяспечнага”, - распавёў загадчык цэнтра міжнародных сувязяў Інстытута тэалогіі.

Чакаецца, што ўдзел у канферэнцыі прымуць сапраўды эксперты з сусветнымі імёнамі. Але такая сустрэча дазволіць паразмаўляць не толькі спецыялістам у гэтай сферы, але і шырокаму колу зацікаўленых людзей, паведаміў Грыгорый Даўгяла. Падрымкай інтэлектуальнай часткі стануць мастацкія сродкі – разам з канферэнцыяй пройдзе ўжо традыцыйны адмысловы канцэрт у Белдзяржфілармоніі. Ужо сама падрыхтоўка да гэтага форуму нагадвае дыялог, а нават сяброўства паміж вернікаімі двух канфесій, няверуючымі, людзьмі добрай волі.

“Успамінаюцца словы Апостала Паўла: “А калі вы прывітаеце толькі братоў, што асаблівага робіце, ці не гэта робяць і язычнікі?”. А нам, на жаль, прыходзіцца па-новаму вучыцца вітаць і братоў. Экуменічныя сустрэчы і кантакты як раз і дапамагаюць будаваць адносіны з нашымі братамі-хрысціянамі, і гэта дапамагае нам выглядаць па-іншаму перад людзьмі знешнімі, перад тымі, хто толькі прымярае свой светапогляд. І калі гэты чалавек бачыць добрыя адносіны паміж намі, яму лягчэй суадносіць сябе з хрысціянскім светапоглядам. А калі паміж намі канфлікт, мы толькі адпужваем людзей свецкіх і няверуючых”, - адзначыў спадар Даўгяла.

У гэтым напрамку, што тычыцца экуменічнага дыялогу, і стараецца працаваць Інтытут тэалогіі Белдзяржуніверсітэта і Міжнародны хрысціянска-адукацыйны цэнтр імя святых Мятода і Кірыла. Гэты працэс не быў бы паўнавартасным, па словах Грыгорыя Даўгялы, без удзелу прадстаўнікоў Каталіцкага Касцёлу, якія разам з праваслаўнымі працуюць у цэлым шэрагу сумесных праектаў.







All the contents on this site are copyrighted ©.