Ватыканскі іерарх пра Дні моладзі і дэманстрацыі ў Рыа
Сусветныя дні моладзі
з папам Францішкам у Рыа-дэ-Жанейра не трэба разглядаць у кантэксце дэманстрацый,
якія ўзрушылі Бразілію, заявіў сакратар Папскай рады па справах свецкіх, біскуп Ёзэф
Клеменс у інтэрв’ю “Ватыканскаму радыё”. Ён не думае, што хваля крытыкі перакінецца
на моладзевы форум, паколькі пратэсты накіраваны перш за ўсё супраць траты дзяржаўных
сродкаў і карупцыі. “Гэта ніякім чынам не адносіцца да Сусветных дзён моладзі”, -
заявіў іерарх. Ён дадаў, што мерапрыемства, якое распачнецца праз тры тыдні, не фінансавалася
і не фінансуецца з якіх-кольвечы дзяржаўных крыніц; яно праводзіцца выключна за кошт
спонсараў і фондаў Касцёла. Такім чынам, Дні моладзі не могуць быць непасрэдным аб’ектам
пратэстаў.
Тым не менш, на думку ватыканскага іерарха, немагчыма ігнараваць
дэманстрацыі і асноўныя асаблівасці сацыяльных адносін у Бразіліі. “Калі чалавек выйдзе
ў прыгарады, ён мімавольна натрапіць на сацыяльныя пытанні. Чалавек жыве ў сацыяльным
кантэксце, які ён так проста не можна ігнараваць”, - адзначыў іерарх. Нават прабываючы
ў Бразіліі як госць, чалавек не можа заплюшчваць вочы на сацыяльныя праблемы гэтай
краіны, сказаў сакратар Папскай рады па справах свецкіх.
На Сусветных днях
моладзі з 23 па 28 ліпеня чакаецца да 3 млн. удзельнікаў. У Рыа-дэ-Жанейра прыняты
высокія меры бяспекі. Як паведамляе бразільская прэса, яе будуць забяспечваць 12 тыс.
салдат і 8 тыс. паліцэйскіх. У ахове будуць заняты ваенна-паветраныя сілы і ваенна-марскі
флот. Вуліцы Рыа будуць патруліраваць 300 браніраваных машын.
Дэманстрацыі
ў Бразіліі былі скіраваны супраць разбазарвання дзяржаўных сродкаў, адсутнасці выдаткаў
у сацыяльнай сферы, а таксама карупцыі ва ўрадзе.