2013-06-29 10:21:43

Касцёл просіць ЕС не ўзбройваць сірыйскіх паўстанцаў


RealAudioMP3 Як паведаміў у спецыяльнай заяве 28 чэрвеня фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе”(ДКП), ліванская і сірыйская каталіцкія супольнасці накіравалі ў Брусэль сваіх прадстаўнікоў, каб там расказаць непасрэдна аб трагізме сітуацыі ў гэтых блізкаўсходніх краінах. “Уводзіць сюды новыя ўзбраенні – значыць павялічыць колькасць сірот і ўдоў”, - цытуе фонд ДКП словы мяльхіцкага Патрыярха Дамаска Грыгорыя ІІІ Лахама. Іх ён прамовіў да старшынІ Еўрапейскага Савета Германа ван Ромпэя 26 чэрвеня. У дэлегацыі тамсама ліванскі арцыбіскуп Джон Дарвіш і езуіт Зіяд Хілал – адзін з нямногіх святароў, што засталіся ў сірыйскім Хомсе.
На працягу трох дзён дэлегацыя правяла сустрэчы таксама з кабінетам супрацоўнікаў старшыні Еўракамісіі Хазэ Мануэля Барозы. Яна таксама падзялілася сваімі сведчаннямі і думкамі з двумастамі еўрапарламентарыямі. “Толькі палітычныя перамовы, якія прымуць пад неабходную ўвагу шчыры ўклад пасрэдніцтва хрысціян, можа прывесці да міра ў краіне і пераканаць сірыйцаў заставацца ў ёй”,- падкрэсліў Патрыярх.
Многія сірыйцы ўцяклі ў Ліван, і дэлегацыя засведчыла перад Еўрапарламентам жудасныя ўмовы, у якіх знаходзяцца бежанцы. Толькі ў даліне Бекаа на сродкі Касцёла ўтрымліваюцца паўтары тысячы шматдзетных сем'яў. Як паведаміў арцыбіскуп Джон Дарвіш, большая колькасць уцекачоў аддае перавагу дапамозе з боку хрысціянскіх структур, чым гуманітарным высілкам ААН , дзеля боязі, што праводзімая там рэгістрацыя імёнаў “можа прывесці да помсты пасля заканчэння вайны”. “Mногія мусульмане таксама стукаюцца ў нашы дзверы”, - адзначыў арцыбіскуп Захле і Ферцола.
“Спадзявацца, што пераўзбранне апазіцыі прывядзе да раўнавагі – ілюзія”, - заявілі ў Брусэлі прадстаўнікі Касцёла ў Сірыі і Ліване, падкрэсліўшы, што гэта толькі прывядзе да эскалацыі насілля. “Мы ўжо завалены зброяй...Нават дзеці носяць аўтаматы”, - засведчыў кс.Зіяд Хілал з Хомса. Фонд “Дапамога Касцёлу ў патрэбе” у сваёй заяве паведамляе, што накіраваў у структуры “Сaritas” ў Ліван для дапамогі сірыйцам больш за 1 млн. еўра, але гэта “кропля ў моры” патрэб. Паведамляецца, што палітыкі Еўрасаюза запэўнілі аб тым, што будуць працягваць намаганні па пошуку дыпламатычнага вырашэння крызісу і пакінуць адкрытым камунікацыйны канал для хрысціян, якія засталіся ў Сірыі.

Алена Мартэцкая








All the contents on this site are copyrighted ©.