2013-06-28 14:50:28

Святы Пасад павітаў клопат аб адукацыі людзей з парушэннем зроку


RealAudioMP3 Апостальская Сталіца выказала задавальненне ў сувязі з паспяховым падпісаннем на дыпламатычнай канферэнцыі ў Марока дамовы па аблягчэнні доступу невідушчых і асоб са слабым зрокам да пісьмовых твораў, у тым ліку кніг. Арцыбіскуп Сільвана Тамазі, пастаянны назіральнік Святога Пасаду пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, падчас свайго выступлення 27 чэрвеня на заканчэнне форуму, адзначыў, што “міжнародная супольнасць прадэманстравала шлях наперад”, выказаўшы палітычную волю, каб дапамагчы людзям з парушэннем зроку. На думку іерарха, рашэнне стала глыбокім выразам чалавечай салідарнасці з людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі і адкрытасці на іх паўнавартасны ўдзел ў жыцці грамадства. Некалькі гадоў напружанай працы, каб прыйсці да гэтага рашэння, аказаліся не надарэмнымі, адзначыў арцыбіскуп Тамазі.

Вынікам дамовы стане паляпшэнне якасці жыцця невідушчых шляхам больш лёгкага доступу да ведаў, што ў выніку “зробіць іх больш карыснымі для грамадства”. “У той жа час, гэта гістарычная дамова стала моцным сігналам, што шматбаковы падыход не толькі жывы, але што ён можа выкарыстоўвацца ў якасці эфектыўнай сістэмы для канкрэтнай рэалізацыі агульнага дабра”, - лічыць прадстаўнік Святога Пасаду.

Арцыбіскуп Тамазі нагадаў нядаўна выказаную папам Францішкам думку, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі заслугоўваюць не толькі на сацыяльныя меры ў адносінах да сябе, але і магчымасць актыўнага ўдзелу ў жыцці грамадства. Іерарх падкрэсліў, што Святы Пасад спадзяецца на хуткую і шырокую ратыфікацыю новай дамовы, што дасць магчымасць доступу дзясяткам мільёнаў людзей з парушэннем зроку да пісьмовых багаццяў свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.