2013-06-27 13:03:59

Францішак супраць хрысціянства павярхоўнага і жорсткага


RealAudioMP3 Ёсць людзі, якія толькі “выдаюць сябе за хрысціян”. Гэта асобы, што вызначаюцца або празмернай павярхоўнасцю, або вялікай жорсткасцю, забываючыся, што сапраўдны хрысціянін з’яўляецца чалавекам радасці, што вера спачывае на скале Хрыста. Гэта была асноўная думка гаміліі папы Францішка падчас ранішняй Эўхарыстыі 27 чэрвеня. Жорсткія і сумныя, або бестурботныя, але не маючы ўяўлення аб хрысціянскай радасці – гэта два тыпы хрысціян, абсалютна процілеглыя, але абодва ўяўляючыя сур’ёзны недахоп: яны заснаваны на хрысціянстве слоў чалавечых, а не хрыстовых, заўважыў Пантыфік. Ён спаслаўся на Евангелле паводле св. Мацвея аб дамах, пабудаваных на пяску і скале. “У гісторыі Касцёла былі два класы хрысціян: хрысціяне слоў (...) і хрысціяне дзеяння”, - падкрэсліў Святы Айцец. Паводле яго, заўсёды будзе існаваць спакуса жыць створаным сабой хрысціянствам, а не тым, якое грунтуецца на скале Хрыста. Езус адзіны, Хто дае свабоду і, з’яўляючыся скалой, падтрымлівае нас у цяжкія часы, нагадаў Папа. Хрысціянства слоў – гэта хрысціянства без Хрыста, і, на вялікі жаль, такая з’ява, на думку Францішка, прысутнічае ў Касцёле.

Папа больш падрабязна засяродзіўся на “хрысціянах слоў”, гаворачы аб іх асаблівасцях. Існуе першы тып такіх асоб, які можна назваць “гнастычным”; яны замест таго, каб любіць скалу, любяць прыгожыя словы, і таму жывуць, “плаваючы” на паверхні хрысціянскага жыцця. Іншы тып – “пелагіанскі”, які мае ўраўнаважаны і элегантны лад жыцця, гэта хрысціяне, заўважыў з іроніяй Папа, якія “глядзяць у падлогу”. Пантыфік перасцярог ад спакусы гнастыцызму – “вадкага” хрысціянства.

З іншага боку, ёсць тып вернікаў, хто сур’ёзнасць хрысціянскага жыцця ператварае ў канчатковым выніку ў жорсткасць і цвёрдасць. “Гэта цяжкія людзі”, - сказаў Папа і дадаў, што такія асобы думаюць, што каб быць хрысціянінам, трэба “застацца ў жалобе назаўсёды”. Яны – не хрысціяне, а толькі “маскіруюцца пад хрысціян”, падкрэсліў Францішак.

Адны жывуць у пастаяннай паверхнаснай забаве, іншыя у бесперапыннай маніі пераследу, але і тыя, і тыя не ведаюць, што такое хрысціянская радасць, сказаў Пантыфік. Яны не ведаюць, як атрымліваць задавальненне ад жыцця, што дае нам Езус, бо не ведаюць размовы з Езусам. “У іх няма не толькі радасці, яны не маюць свабоды”, - заўважыў Святы Айцец. Адны з’яўляюцца рабамі павярхоўнасці, жыцця на шырокую нагу, а другія рабамі жорсткасці, дадаў ён. У жыцці такіх людзей Святы Дух, на думку Францішка, не мае месца.

Папа заклікаў прасіць Бога аб свабодзе, якая грунтуецца на скале Хрыста, і якая з’яўляецца гарантам сапраўдных радасці і шчасця.







All the contents on this site are copyrighted ©.