2013-06-27 10:08:50

Святы Айцец пацвердзіў мандат папскага дэлегата для Легіянераў Хрыста


RealAudioMP3 Францішак пацвердзіў мандат кардынала Веласіа Дэ Паоліса як папскага дэлегата для Легіянераў Хрыста. Іерарх быў прызначаны ім у 2010 г. Бэнэдыктам XVI на тэрмін да надзвычайнай генеральнай капітулы манаскай кангрэгацыі, запланаванай на пачатак 2014 г. У сваім лісце да кардынала Святы Айцец узгадвае іх сустрэчу 27 мая 2013 г., на якой папскі дэлегат распавёў Пантыфіку аб стане рэарганізацыі адной з самых буйных кангрэгацый у Касцёле. У сваім лісце Францішак паведаміў, што “уважліва азнаёміўся” з дакументамі, якія датычаць гэтай “далікатнай” справы, у тым ліку з матэрыяламі Апостальскай візітацыі, што праходзіла ў 2009-2010 гадах. Пацвярджаючы мандат кардынала Дэ Паоліса, Святы Айцец нагадаў, што ён будзе дзейнічаць, як і было вызначана раней, да 2014 г., калі пройдзе генеральная капітула Легіянераў Хрыста. Сваёй асноўнай задачай яна будзе мець абранне новага кіраўніцтва і зацвярджэнне новай канстытуцыі манаскай супольнасці, якая затым будзе даслана Папе для належнага вывучэння. “Гэтыя крокі, - напісаў у сваім лісце Францішак - неабходныя для шляху сапраўднага і глыбокага абнаўлення кангрэгацыі Легіянераў Хрыста і, ускосна, для дзейнасці ўсяго руху “Regnum Christi”, свецкага крыла супольнасці.

Францішак папрасіў кардынала трымаць яго ў курсе працэсу падрыхтоўкі купітулы і дадаў, што моліцца аб дапамогай Святога Духа для плённага правядзення асамблеі. Пантыфік падзякаваў іерарху за яго намаганні і папрасіў пераказаць усім членам кангрэгацыі Легіянераў Хрыста словы заахвоты і абяцанне малітвы.

Кангрэгацыя Легіянераў Хрыста была заснавана ў Мексіцы ў 1941 г. Яна хутка развівалася і ў дастаткова кароткі час стала адной з самых буйных у Касцёле. У 1997 г. яе заснавальнік, кс. Марсіаль Масэль, быў публічна абвінавачаны ў злоўжываннях адносна маладых семінарыстаў. У 2006 г. Апостальская Сталіца забараніла яму выконваць святарскія абавязкі і наказала весці адасобленае жыццё ў малітве і пакаянні. Улічваючы ўзрост і слабое здароўе Масэля, Кангрэгацыя Веравучэння адмовілася ад касцёльнага судовага працэсу над ім. У маі 2010 г., пасля вывучэння сітуацыі, Апостальская Сталіца сцвердзіла, што Масэль адзначаўся “аб’ектыўна амаральнымі паводзінамі”. Пасля чаго кангрэгацыя Легіянераў Хрыста дыстанцыравалася ад свайго заснавальніка.







All the contents on this site are copyrighted ©.