2013-06-26 11:35:55

Святы Айцец праз ватыканскі фонд дапаможа Лацінскай Амерыцы


RealAudioMP3 У перуанскім Арэкіпа завяршылася штогадовае пасяджэнне адміністрацыйнай рады Аўтаномнага фонду “Populorum Progressio”, структуры Папскай рады “Cor Unum”, які займаецца фінансавай падтрымкай праектаў у інтарэсах карэнных супольнасцяў Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна. На спатканні было прынята рашэнне аб фінансаванні 170 праектаў, арыентаваных на бедныя слаі насельніцтва кантынента. У Арэкіпа прысутнічаў таксама старшыня “Cor Unum”, кардынал Рабер Сара, якога суправаджаў падсакратар Папскай рады, кс. прэлат Сегунда Муньяс. Апошні, у інтэрв’ю Ватыканскаму радыё, прызнаўся, што сёлета праектаў для разгляду было 200, але фонд “быў у стане фінансаваць толькі 170”. У большасці, гэта невялікія праекты ад паасобных супольнасцяў карэнных народаў, “якія хочуць калодзеж, трактар, мікра-крэдыт”, падзяліўся прэлат і дадаў, што Папская рада жадае, каб праекты “былі не строга сацыяльныя, але нейкім чынам звязаны з душпастырствам”, хоць фонд не хоча раздзяляць духоўныя і сацыяльныя патрэбы чалавека.

Нягледзячы на ахвярнасць італьянскага епіскапату, а менавіта ён з’яўляецца галоўным донарам “Populorum Progressio”, сродкаў ніколі не бывае дастаткова, прызнаўся падсакратар ватыканскай дыкастэрыі, але, так ці інакш, гэта магчымасць з боку Папы дапамагчы лацінаамерыканскаму кантыненту.

Фонд не толькі займаецца фінансавай падтрымкай, ён вывучае праблемы карэнных народаў, афра-амерыканцаў, якія жывуць на перыферыях вялікіх гарадоў Лацінскай Амерыкі, “дзе секты цягнуць з Касцёла вялікую колькасць людзей”, сказаў прэлат і дадаў, што Касцёл павінен даць свой адказ на гэты феномен.

У наступным годзе сустрэча фонду пройдзе ў Рыме, каб мець магчымасць непасрэднай сустрэчы і размовы з Папам, ад якога кіраўніцтва структуры чакае вызначэння напрамкаў працы на будучыню, паінфармаваў падсакратар Папскай рады “Cor Unum”.







All the contents on this site are copyrighted ©.