2013-06-26 10:55:41

Папа на агульнай аўдыенцыі: ніхто не бескарысны ці другасны для Касцёла


RealAudioMP3 Святы Айцец працягнуў серыю сваіх катэхез аб спадчыне ІІ Ватыканскага Сабору і засяродзіўся 26 чэрвеня на таямніцы Касцёла, які з’яўляецца святыняй Бога. Пантыфік спаслаўся падчас агульнай аўдыенцыі на дагматычную канстытуцыю апошняга Сабору “Lumen Gentium” і запытаў сваіх слухачоў, аб чым прымушае іх думаць слова “святыня”? Многія ўяўляюць будынак або канструкцыю, заўважыў Папа. Тут можна ўзгадаць гісторыю ізраільскага народу, якая апавядаецца ў Старым Запавеце. У Ерузалеме вялікая Святыня Саламона была месцам сустрэчы з Богам на малітве, унутры храма захоўваўся каўчэг запавету, знак прысутнасці Бога сярод людзей і “напамін, што Бог заўсёды быў у гісторыі свайго народа, суправаджаў яго ў падарожжы, кіраваў яго крокамі”, - нагадаў Францішак. “Тое, што было правобразам старажытнай святыні, рэалізавалася цяпер сілай Святога Духа ў Касцёле. Касцёл з’яўляецца “домам Божым”, месца Яго прысутнасці, дзе мы можам знайсці і сустрэцца з Панам. Касцёл – гэта Святыня, у якой жыве Святы Дух, што яго ажыўляе, кіруе і падтрымлівае. Калі мы спытаем сябе, дзе мы можам сустрэцца з Богам? Дзе мы можам увайсці ў зносіны з Ім праз Езуса Хрыста? Дзе мы можам знайсці святло Святога Духа, якое асвятляе наша жыццё? Адказ гучыць: пасярод Божага народу, (...) якім з’яўляецца Касцёл”, - адзначыў Папа.

Святы Айцец звярнуў увагу, што старажытная святыня была пабудавана рукамі людзей: “яны хацелі “даць дом” Богу, каб мець бачны знак Яго прысутнасці сярод людзей”. Але яшчэ прарок Натан гаварыў Давіду, што Бог сам “пабудуе свой дом”, каб прыйсці і пасяліцца сярод нас. “Хрыстус з’яўляецца жывой святыняй Айца і Ён сам будуе свой “духоўны дом”, Касцёл, учынены не з каменных матэрыялаў, але “жывых камянёў”, якімі з’яўляемся мы”, - падкрэсліў Папа. “Як гэта выдатна! - дадаў Францішак. - Мы з’яўляемся жывымі камянямі Бога, глыбока звязанымі з Хрыстом, Які ёсць скала падтрымкі, знаходзіцца пасярод нас”.

Пантыфік нагадаў аб вырашальнай ролі Святога Духа ў дзеях Касцёла. Менавіта Ён сваімі дарамі аб’ядноўвае супольнасць вернікаў у яе разнастайнасці і стварае такім чынам яе багацце. “Касцёл не з’яўляецца сумессю рэчаў і інтарэсаў – гэта святыня Святога Духа, святыня, у якой дзейнічае Бог, святыня, у якой кожны з нас з дарам хросту з’яўляецца жывым камянём. Гэта сведчыць аб тым, што ніхто не бескарысны для Касцёла,(...) усе мы неабходныя для будавання Касцёла, ніхто не з’яўляецца другасным, (...) ніхто не з’яўляецца ананімным: усе мы фарміруем і будуем Касцёл. Але гэта таксама запрашае нас задумацца над тым што, калі нашаму хрысціянству не хапае нейкай “цагліны”, не хапае прыгажосці Касцёлу”, - падзяліўся сваімі разважаннямі Папа.

На заканчэнне сваёй сустрэчы з вернікамі на плошчы св. Пятра Пантыфік запрасіў іх задаць сабе пытанне: “як мы перажываем наша быццё Касцёлам? Мы – жывыя камяні, ці, так бы мовіць, камяні стомленыя, сумныя, абыякавыя? (...) Мы адкрываем сябе Святому Духу, каб быць актыўнымі ў нашым грамадстве, ці закрываемся ў сабе, кажучы: “У мяне ў самога так шмат рэчаў, якія трэба зрабіць, гэта не мая справа?”.

Пантыфік папрасіў Бога даць кожнаму ласку і сілу быць глыбока звязаным з Хрыстом, краевугольным камянём, Які “падтрымлівае наша жыццё і жыццё Касцёла”. Гэта дапаможа кожнаму верніку быць жывым камянём Касцёла.







All the contents on this site are copyrighted ©.