2013-06-26 12:16:03

Папа: кожны святар павінен быць айцом, які абараняе сваіх дзяцей


RealAudioMP3 Бог жадае, каб святары жылі ў паўнаце асаблівай ласкі “духоўнага айцоўства” адносна людзей, давераных ім, перакананы папа Францішак. “Жаданне айцоўства” прапісана ў самыя глыбокіх фібрах чалавека. І святар, адзначыў Святы Айцец, не з’яўляецца выключэннем, хоць гэта яго жаданне арыентавана на адмысловы шлях. “Калі ў чалавека няма гэтага жадання, чагосьці не хапае ў гэтым чалавеку. Нешта не так”, - сказаў Пантыфік 26 чэрвеня падчас Эўхарыстыі ў Доме св. Марты. “Усе мы, з самаго факту існавання, каб рэалізавацца, каб асягнуць сталасць, павінны адчуць радасць айцоўства: таксама і мы, хто жыве ў цэлібаце”, - дадаў Папа. Для святара, падрэсліў ён, неабходна “даваць жыццё іншым” праз “душпастырскае бацькоўства”, “бацькоўства духоўнае”.

Гамілія Францішка грунтавалася сёння на ўрыўку з Кнігі Быцця, у якім Бог абяцае Абрагаму ў старасці нараджэнне дзіцяці-нашчадка. Ён слухае ўказанні Бога і складае ахвяру з жывёл, а потым абараняе яе, калі да мяса пачынаюць злятацца драпежныя птушкі. “Я крануты, - сказаў Святы Айцец - гледзячы на гэтага дзевяностагадовага старца з палкай у руцэ”, які абараняе сваю ахвяру. “Гэта прымушае мяне думаць пра бацьку, калі ён абараняе сям’ю, дзяцей”.

Айцом, які ведае, што значыць абараняць сваіх дзяцей, павінен быць кожны святар, падкрэсліў Францішак. Не мець дзяцей, духоўных, не быць айцом, гэта так, калі б жыццё не ішло да мэты, спынялася на паўдарозе, дадаў ён. Ласку быцця айцом дае сам Пан, заўважыў Папа, таму не выпадкова людзі называюць святароў “ойча”. Францішак запрасіў іх дзякаваць Богу за ласку духоўнага айцоўства і рэалізаваць яго, гледзячы на прыклад Абрагама.







All the contents on this site are copyrighted ©.