2013-06-26 15:24:21

Пантыфік стварыў новы орган, які зоймецца справамі Ватыканскага банку


RealAudioMP3 “Папская рэферэнтная камісія па справах Інстытута рэлігійных спраў” – так гучыць назва новага органа, створанага Папам 24 чэрвеня 2013 г. Яна зоймецца падрабязным вывучэннем прававога становішча Ватыканскага банка і дапаможа лепшай узгодненасці працы гэтай структуры з паўсюднай місіяй Апостальскай Сталіцы. Да заданняў Камісіі будзе належаць збор інфармацыі аб дзейнасці Інстытута і далейшае прадастаўленне вынікаў Святому Айцу, гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Апостальскай Сталіцы. Рашэнне Пантыфік прыняў у святле неабходнасці ўвядзення рэформаў ва ўстановы, якія аказваюць дапамогу Святому Пасаду.

Мандат, які атрымаў гэты новы орган – “шырокі”, сказаў кіраўнік Залы Друку, кс. Фэдэрыка Ламбардзі. Папская камісія складаецца з пяці асоб. Яе кіраўніком Францішак прызначыў кардынала Рафаэле Фарына, а членамі: кардынала Жан-Луі Тарана і прафесара Мэры Эн Глендан. Апрача таго, у новага органа ёсць сакратар – кс. прэлат Пітэр Браян Уэлс, і каардынатар – біскуп Хуан Ігнасіа Аррьета Ачоа дэ Чычынтру.

Дакумент, які вызначае кампетэнцыі Камісіі, складаецца з 9 пунктаў і дэманструе яе шырокія паўнамоцтвы. У 2 раздзеле гаворыцца, сярод іншага, што “службовая таямніца і любыя іншыя абмежаванні, устаноўленыя прававой сістэмай, не абцяжарваюць або абмяжоўваюць доступ Камісіі да дакументаў, дадзеных і інфармацыі”, за выключэннем норм, якія абараняюць”самастойнасць і незалежнасць органаў, якія займаюцца наглядам і рэгуляваннем дзейнасці Інстытута”. Пачатак дзейнасці Камісіі датаваны днём выдання дакумента, што значыць 24 чэрвеня 2013 г.; аб яе роспуску “будзе абвешчана дадаткова”.







All the contents on this site are copyrighted ©.