2013-06-26 12:59:08

Еўрапейскія Цэрквы павіталі прыняцце ЕС кіруючых прынцыпаў па абароне рэлігійнай свабоды


RealAudioMP3 “Важным крокам” у напрамку прызнання рэлігійнай свабоды як “прыярытэту” замежнай палітыкі Еўрапейскага саюзу, назвала камісія “Царква і грамадства” Канферэнцыі Еўрапейскіх Цэркваў прыняцце 25 чэрвеня Саветам замежных спраў ЕС у Люксембургу кіруючых прынцыпаў па абароне рэлігійнай свабоды. У абмеркаванні дакументу актыўны ўдзел прымала таксама Камісія Біскупскіх Канферэнцый Еўрапейскай Супольнасці. Гаворка ідзе перш за ўсё пра грамадскія слуханні, арганізаваныя Еўрапейскай службай знешніх.

У працэсе распрацоўкі кіруючых прынцыпаў Цэрквы разам заяўлялі, што свабода рэлігіі або перакананняў з’яўляецца неад’емным правам кожнага чалавека, незалежна ад яго рэлігійнай ці ідэалагічнай прыналежнасці. Яны настойвалі на тым, што дзяржавы павінны забяспечыць абарону правоў чалавека і спыняць усе парушэнні ў гэтай сферы. Падчас абмеркаванняў націск быў пакладзены на тое, што свабода рэлігіі або перакананняў з’яўляецца асноватворным правам у роўнай ступені важным як для меншасці, так і большасці, як для асобных людзей, так і для супольнасцяў.

Прадстаўнікі хрысціянскіх Цэркваў перакананыя, што Еўрапейскі Саюз павінен выкарыстоўваць усе законныя механізмы для прыняцця мераў, калі рэлігійная свабода парушаецца ў трэціх краінах. Гаворка ідзе пра перамовы і рэкамендацыі для канкрэтных дзяржаў.

Канферэнцыя Еўрапейскіх Цэркваў падкрэсліла ў сваёй заяве, што будзе працягваць сачыць за ажыццяўленнем кіруючых прынцыпаў па свабодзе рэлігіі і перакананняў для гарантавання эфектыўнасці іх прымянення, у тым ліку для спынення парушэнняў у гэтай сферы і прыцягнення да адказнасці вінаватых у іх.







All the contents on this site are copyrighted ©.