2013-06-25 12:07:17

Папа: ніводзін з нас не з’яўляецца хрысціянінам па чыстай выпадковасці


RealAudioMP3 Быць хрысціянінам гэта заклік любові, заклік стаць Божымі дзецьмі, адзначыў Францішак падчас ранішняй св. Імшы 25 чэрвеня. Хрысціянская ўпэўненасць, паводле Пантыфіка, палягае на тым, што Бог ніколі не пакідае чалавека і запрашае ісці наперад, нават у разгар праблем. Святы Айцец засяродзіў сваю гамілію на ўрыўку з Кнігі Быцця, у якім апавядаецца пра спрэчку паміж Абрамам і Лотам на тэму дзяльбы зямлі. “Калі я чытаю гэта, я думаю пра Блізкі Усход”, - прызнаўся Папа. Ён запрасіў да малітвы аб мудрасці “не сварыцца” і клапаціцца аб спакоі. Пантыфік прывёў прыклад Абрама, які без ваганняў пакінуў сваю зямлю і пайшоў, не ведаючы куды, бо Пан загадаў яму гэта зрабіць. Ён працягваў ісці, бо верыў Божаму слову, якое “запрасіла яго выйсці з роднай зямлі”. Гэты чалавек, сказаў Папа, глядзеў на іншую зямлю, якую Бог паказаў яму, і верыў.

На думку Францішка, падарожжа старазапаветнага патрыярха, гэта “мадэль нашага падарожжа”. “Бог кліча Абрама, чалавека, і гэты чалавек засноўвае народ”, - заўважыў Папа. Ён запрасіў уважліва пачытаць апісанне стварэння свету ў Бібліі. У Кнізе Быцця ідзе гаворка аб тым, што Бог стварае шмат зорак, раслін, жывёл, але калі гаворка заходзіць аб стварэнні чалавека, тут ужываецца адзіночны лік. “Бог заўсёды кажа ў адзіночным ліку да нас, - заўважыў Папа - таму што Ён стварыў нас на свой вобраз і падабенства”. “Мы, хрысціяне, пакліканы кожны асабіста: ніводзін з нас не з’яўляецца хрысціянінам па чыстай выпадковасці! Ніхто!”, - падкрэсліў Пантыфік. “Бог кліча нас па імені, Бог абяцае нам спадчыннасць”, - працягнуў Святы Айцец, і гэта, паводле яго, не выпадковасць, гэта заклік. “Быць хрысціянінам, - нагадаў Папа, - гэта заклік да любові, сяброўства, быцця дзіцём Божым, братам Езуса”.

Не трэба баяцца прызнацца ў сваёй грэшнасці, падкрэсліў Францішак, трэба ісці за Панам, абвяшчаючы Яго прысутнасць і наша абранне. “Няхай Пан дасць нам усім гэта жаданне рухацца наперад, як гэта рабіў Абрам, у разгар праблем”, - пажадаў на заканчэнне гаміліі Святы Айцец.







All the contents on this site are copyrighted ©.