2013-06-25 11:30:13

Апостальскі нунцый у Беларусі сустрэўся са Святым Айцом


RealAudioMP3 21 чэрвеня Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сустрэўся з папам Францішкам. Апостальскі Нунцый перадаў Папу прывітанні ад кіраўніцтва Беларусі і беларускага народа, паведамляе сайт Каталіцкага Касцёла ў Беларусі (catholic.by). Пантыфік прадэманстраваў глыбокія і актуальныя веды адносна рэлігійнай, палітычнай, культурнай і сацыяльнай сітуацыі ў Беларусі. Ён папрасіў перадаць сваю салідарнасць і вялікую сімпатыю да краіны, асабліва да тых, хто пакутуе, а таксама выказаў надзею на тое, што з дапамогай Святога Пасаду адносіны Беларусі з Захадам будуць паляпшацца шляхам павагі, дыялога і ўзаемаразумення.

Папа зазначыў, што вельмі рады выказаць сваю салідарнасць з Беларуссю праз жэст асаблівай увагі, якога вельмі прагнуў і якім стаў блізкі візіт кардынала Жана-Луі Тарана, якога Святы Айцец прызначыў сваім надзвычайным пасланнікам. Пантыфік паабяцаў, што будзе маліцца аб паспяховым выкананні місіі пурпурата. Яго Святасць удзяліў сваё благаслаўленне католікам Беларусі, якіх ён ведае як адданых, верных і поўных энтузіязму дзяцей Каталіцкага Касцёла, пасля вялікіх выпрабаванняў мінуўшчыны. Папа папрасіў таксама перадаць прывітанні ўсім беларусам, а асабліва братам Праваслаўнай Царквы.

На аўдыенцыі прысутнічаў і Яго Эмінэнцыя кардынал Тарчызіо Бэртонэ, Дзяржаўны Сакратар, які ўзгадаў пра свой візіт у Беларусь і пацвердзіў лінію Святога Пасаду, якая была прадэманстравана падчас візіту.

24 чэрвеня арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці сустрэўся з кардыналам Таранам, з якім доўга размаўляў пра Беларусь і абмяркоўваў дэталі яго візіту ў краіну.







All the contents on this site are copyrighted ©.