2013-06-24 10:52:45

Папа да нунцыяў: Езус жывы і звяртаецца да кожнага з нас


RealAudioMP3 Мы не можам размаўляць з Езусам так, нібыта Ён проста гістарычная постаць, таму што Ён жывы і знаходзіцца перад намі. З такімі словамі папа Францішак звярнуўся да Апостальскіх нунцыяў, запрошаных на супольную Эўхарыстыю ў Дом св. Марты 23 чэрвеня. У літургіі прынялі ўдзел каля 40 папскіх дыпламатычных прадстаўнікоў, якія засталіся ў Рыме пасля сустрэчы з Пантыфікам 21 чэрвеня. Сваю гамілію Папа прысвяціў разважанню над словамі Хрыста, скіраванымі да апосталаў: “Вы кім мяне лічыце?”. Паводле Святога Айца, гэта пытанне таксама і сёння Пан скіроўвае да кожнага з нас: “яго задае жывая асоба і мы і павінны адказаць ад шчырага сэрца”. Папа адзначыў, што часам на пытанне Хрыста “Хто я для цябе?”, мы саромеемся даць адказ, бо ведаем аб сваёй грахоўнасці. Але менавіта гэта той момант, калі можна даверыцца любові Божай і адказаць як св. Пётр на беразе Тыберыяцкага возера: “Пане, Ты ўсё ведаеш”. “Менавіта ў момант, калі адчуваем сябе грэшнікамі Бог нас вельмі любіць і як рыбака Пятра зрабіў галавой свайго Касцёла, так і з намі зробіць цудоўныя рэчы”, - сказаў Францішак.

Паводле Святога Айца, калі прызнаваць веліч Бога і любіць Яго, можна атрымаць упэўненасць і адвагу, неабходную для таго, каб штодня браць і несці крыж, нават “часам цяжкі”. “Пойдзем наперад з радасцю і просячы аб гэтай ласцы: дай Твайму народу, Ойча, жыць у пашане і любові да Твайго святога Імя, а таксама з упэўненасцю, што не пазбавіш апекі таго, каго ўмацоўваеш Тваёй любоўю”, - заклікаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.