2013-06-24 15:25:18

Пантыфік абмеркаваў палажэнне карэнных народаў Аргентыны


RealAudioMP3 Палажэнне карэнных народаў Аргентыны прадставілі 24 чэрвеня Папе Фелікс Дыяс, лідэр адной з этнічных супольнасцяў краіны, і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру, Адольфа Пэрэс Эсківэль. Паводле заявы кс. Фэдэрыка Ламбардзі, кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы, размова ішла пра цяжкасці карэнных народаў Аргентыны і Лацінскай Амерыкі, звязаныя з іх знаходжаннем на этнічнай тэрыторыі і захаваннем імі культурнай ідэнтычнасці.
Будучы арцыбіскупам Буэнас-Айрэса, папа Францішак сур’ёзна цікавіўся лёсам карэнных жыхароў Паўднёвай Амерыкі, ён добра ведаў пра дыскрымінацыю і злоўжыванні, ад якіх пакутуюць гэтыя народы на працягу дзесяцігоддзяў. Яны церпяць ад адсутнасці пітной вады, акрамя таго, пануе недаяданне, дрэнныя жыллёвыя ўмовы, непісьменнасць, беспрацоўе; карэнным жыхарам часта не прызнаюць грамадзянства.

Для Адольфа Пэрэса Эсківэля гэта сустрэча з Пантыфікам стала другой пасля абрання апошняга на Пасад св. Пятра. 21 сакавіка 2013 г. папа Францішак ужо прымаў у сябе аргентынскага змагара за правы чалавека. Пасля таго спаткання Эсквівэль чарговы раз заявіў аб беспадстаўнасці абвінавачванняў у бок Папы, якія датычаць яго вымысленага супрацоўніцтва з дыктатарскім рэжымам у Аргентыне, калі ён з’яўляўся прывінцыялам езуітаў. Падчас сакавіцкай сустрэчы Францішак настойліва падкрэсліў, што вельмі важна дабрацца да праўды і справядлівасці ў злачынствах, учыненых у Аргентыне. Праваабаронца назваў тую сустрэчу вельмі хвалюючай і дадаў, што ён убачыў у Пантыфіку ўпэўненасць і рашучасць працягваць свой апостальскі шлях.







All the contents on this site are copyrighted ©.