2013-06-23 10:31:53

“Дзіцячы цягнік” – падарожжа да Папы праз прыгажосць


RealAudioMP3 Папа Францішак накіраваўся сёння на ватыканскую чыгуначную станцыю, каб прывітаць гасцей, якія прыбылі да яго з Мілану, Балонні і Фларэнцыі. “Дзіцячы цягнік” выправіла ў падарожжа Папская рада па культуры, жадаючы такім чынам дапамагчы дзецям з псіха-сацыяльнымі праблемамі знайсці кантакт з сабой, іншымі і акружаючым светам праз дылог з прыгажосцю. Каля 300 дзяцей і каля 160 іх апекуноў на працягу падарожжа атрымалі магчымасць удзельнічаць у развіваючых майстар-класах, сустрэчах і забавах. Кульмінацыяй акцыі, якая прайшла ў рамках ініцыятывы пад назвай “Падворак дзяцей”, стала канешне ж сустрэча з Пантыфікам.

Кардынал Джанфранка Равазі прызнаўся, што ініцыятыва нарадзілася з жадання даць магчымасць дзецям з веруючых і няверуючых сем’яў сустракацца разам. “Дзіцячы цягнік” – ініцыятыва асаблівая, адзначыў старшыня Папскай рады па культуры, яна прысвечана адмысловай групе дзяцей, якая не можа застацца па-за ўвагай Касцёла, якраз наадварот, павінна быць у цэнтры яго клопату. Гэта дзеці, якія маюць за сабой складаны вопыт: няпоўныя сем’і або сем’і, якія перажываюць рэальныя трагедыі, таму ўяўляюць сабой адну з самых драматычных сітуацый крызісу сучаснай сям’і.

Кардынал прызнаўся, што гэта не проста кароткачасовая акцыя. Мерапрыемства рыхтавалася праз доўгую серыю сустрэч на працягу месяцаў. Яны праходзілі непасрэдна ў катэдрах Мілана, Балонні і Фларэнцыі, бо сабор з’яўляецца сімвалам веры, хрысціянскай традыцыі горада. Нага большасці дзяцей, хоць яны і жывуць у гэтых гарадах, ніколі не ступала на парог не толькі катэдры, але і храма ўвогуле. Хоць у духу ініцыятывы “Падворак дзяцей” няма катэхізацыі як такой, усё ж яна прадугледжвае сустрэчу са светам веры, якая з’яўляецца таксама светам прыгажосці, адзначыў ватыканскі іерарх.

Старшыня Папскай рады па культуры прызнаўся, што Папа неадкладна прыняў прапанову сустрэчы з дзецьмі. Ён, будучы пастырам вялікай архідыяцэзіі, заўсёды меў добры кантакт з дзецьмі, таму, магчыма, у пэўным сэнсе, зноў вярнуўся ў сваю “пастырскую рэчаіснасць”, але ўжо ў новым кантэксце, выказаў здагадку кардынал Равазі.







All the contents on this site are copyrighted ©.