2013-06-23 13:11:16

Папа перад “Анёл Панскі”: сёння больш мучанікаў, чым у першыя вякі хрысціянства (поўны тэкст)


RealAudioMP3 Папа Францішак сустрэўся 23 чэрвеня з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Плошча св. Пятра была запоўнена пілігрымамі, якія прыбылі ў Рым з розных частак свету. Пантыфік звярнуўся да Літургіі слова, прызначанай Касцёлам на ХІІ Звычайную нядзелю і нагадаў аб неабходнасці ахвяры ў сённяшнім свеце. На думку Папы, сучасны этап развіцця гісторыі, гэта час мучанікаў, якія, магчыма, не паміраюць за веру, але штодзённа зносяць прыніжэнні і пакорна працуюць дзеля яе, адмаўляючыся ад сваіх амбіцый і жыццёвых планаў. Пантыфік звярнуў увагу на існаванне “мучаніцтва за праўду”, калі чалавек мае мужнасць ісці супраць агульнага меркавання, якое загразла ў хлусні. “У Евангеллі гэтай нядзелі паўтараюцца адны з самых вострых слоў Езуса: “Хто хоча ўратаваць жыццё сваё, загубіць яго; а хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго” (Лк 9,24). - нагадаў Папа. - Гэта сінтэз паслання Хрыста, дзе выяўляецца вельмі эфектыўны парадокс, які дазваляе пазнаць Яго манеру гаварыць, амаль прымушае нас адчуць Яго голас...”, - дадаў ён.

“Але што гэта значыць: “загубіць сваё жыццё за справу Езуса”? Гэта можа адбывацца двума спосабамі: праз бачнае вызнаванне веры ці безумоўную абарону праўды. Мучанікі з’яўляюцца лепшым прыкладам таго, як загубіць сваё жыццё за Хрыста. На працягу двух тысяч гадоў быў цэлы шэраг вялікіх мужчын і жанчын, якія аддалі свае жыцці, каб застацца вернымі Езусу Хрысту і Яго Евангеллю. І сёння ў многіх частках свету ёсць вельмі шмат – больш, чым у першыя вякі – шмат мучанікаў, якія аддаюць сваё жыццё за Хрыста, якія ідуць на смерць не адмаўляючыся ад Езуса Хрыста. Такі наш Касцёл! Сёння ў нас больш мучанікаў, чым у першыя стагоддзі! Але ёсць штодзённае мучаніцтва, якое не прыводзіць да смерці, але таксама вядзе да “страты жыцця” за Хрыста, праз выкананне свайго абавязку з любоўю, паводле логікі Езуса, логікі дару і ахвяры. Падумаем, колькі папаў і мамаў кожны дзень на практыцы пераказваюць веру праз сваё жыццё на карысць сям’і! Падумаем над тым, колькі святароў, законнікаў, законніц са шчодрасцю сведчаць сваё служэнне для Божага Валадарства! Колькі маладых людзей адмаўляецца ад сваіх інтарэсаў, каб прысвяціць сябе дзецям, інвалідам, пажылым... Яны таксама мучанікі! Звычайныя мучанікі, мучанікі штодзённасці!

І яшчэ ёсць так шмат людзей, хрысціян і нехрысціян, якія “загубілі сваё жыццё” за праўду. Хрыстус сказаў: “Я ёсць ісціна”, таму, той, хто служыць праўдзе, служыць Хрысту. Адзін з гэтых людзей, які аддаў сваё жыццё за праўду, гэта Ян Хрысціцель: заўтра, 24 чэрвеня, яго вялікае свята, урачыстасць яго нараджэння. Ян быў абраны Богам, каб прыгатаваць шлях перад Езусам і паказаць Яго народу Ізраіля як Месію, Ягнё Божае, Які бярэ на сябе грэх свету (пар. Ян 1, 29). Ян цалкам прысвяціў сябе Богу і Яго Пасланцу, Езусу. І ў рэшце рэшт што здарылася? Ён памёр за справу праўды, калі асудзіў распусту цара Ірада і Ірадыяды. Колькі людзей дорага плаціць за сваю прыхільнасць да праўды! Колькі праведнікаў аддаюць перавагу ісці супраць плыні, каб не забіваць голас сумлення, голас праўды!

Праведныя людзі, якія не баяцца ісці супраць плыні! І мы не павінны баяцца! Сярод вас шмат маладых людзей; я кажу вам, моладзь: “Не бойцеся ісці супраць плыні, калі ў вас хочуць скрасці надзею, калі вам прапануюць “сапсаваныя” каштоўнасці, каштоўнасці, якія падобныя на дрэнную ежу, а калі ежа дрэнная, яна прыносіць боль; гэтыя каштоўнасці руйнуюць нас. Але мы павінны ісці супраць плыні! Вы, маладыя людзі – у першую чаргу. Ідзіце супраць плыні і адчуйце гэты гонар, ісці супраць плыні. Наперад, будзьце адважнымі і ідзіце супраць плыні! І рабіце гэта з гонарам.

Дарагія сябры, мы прымаем з радасцю слова Езуса. Гэта правіла жыцця для ўсіх. І св. Ян Хрысціцель дапаможа нам ажыццявіць яго. На гэтым шляху перад намі, як заўсёды, наша Маці, Найсвяцейшая Панна Марыя: яна загубіла сваё жыццё за Езуса, аж да крыжа, і атрымала яго ва ўсёй яго паўнаце, з усім святлом і прыгажосцю Уваскрасення. Няхай Марыя пастаянна дапамагае нам прымаць логіку Евангелля”, - сказаў Святы Айцец.

Пасля малітвы “Анёл Панскі” Пантыфік прывітаў прысутных на плошчы св. Пятра, асаблівым чынам моладзь са Славеніі і польскую супольнасць з цэнтральнай Італіі.







All the contents on this site are copyrighted ©.