2013-06-22 12:11:20

Францішак: багацце і турботы заглушаюць Божае Слова


RealAudioMP3 Багацці і клопат аб справах гэтага свету “заглушаюць Божае Слова”, лічыць папа Францішак. 22 чэрвеня сваю гамілію падчас ранішняй Эўхарыстыі Пантыфік пачаў з разважання над словамі Хрыста: “Ніхто не можа служыць двум гаспадарам”. Езус, паводле Папы, “меў ясны погляд на гэта” – багацці і турботы перашкаджаюць росту Божага Слова, з’яўляюцца цернем, якое заглушае зерне. Францішак звярнуў увагу на тое, што ў прыпавесцях Хрыста пра немагчымасць служыць двум гаспадарам і пра сеяцеля звяртаецца асаблівая ўвага на час. У першай гаворыцца: “Не клапаціцеся аб заўтрашнім дні”, а ў другой: “пасеяў, затым прайшоў дождж і прарасло”. “Што адбываецца з намі, што робяць багацці і турботы? Проста выдаляюць нас з часу”, - сказаў Францішак і патлумачыў, што ўсё наша жыццё пабудавана на трох стаўпах: мінулым, цяперашнім і будучым. Мінулае – гэта наша “абранне” Панам, будучыня тычыцца неабходнасці крочыць за Яго “абяцаннем”, а цяперашняе – гэта наш адказ Богу – “запавет” з Ім.

“Гэта тры слупы ўсёй гісторыі Збаўлення. Але, калі наша сэрца ўваходзіць у тое, аб чым казаў Езус, час знікае: знікае мінулае, будучыня і змешваецца цяперашняе. Таго, на каго напала багацце, не цікавіць ні мінулае, ні будучыня - ён усё мае тут. Багацце – гэта ідал. Я не маю патрэбы ў мінулым, у абяцанні, у абранні – у нічым”, - заўважыў Папа.

Менавіта таму, паводле Святога Айца, Езус кажа аб немагчымасці служыць Божаму Валадарству і багаццё адначасова. Папа заклікаў прасіць Бога аб ласцы не памыліцца ў выбары турботаў і заўсёды памятаць пра Айца, які нас абраў і паабяцаў цудоўныя рэчы. Ён запрасіў крочыць за гэтым абяцаннем і прымаць рэальнасць такой, якая ёсць.








All the contents on this site are copyrighted ©.