2013-06-22 11:25:50

Кардынал Таран: міжрэлігійны дыялог – не толькі заданне эліты


RealAudioMP3 Кардынал Жан-Луі Таран, лічыць што міжрэлігійны дыялог павінен стаць спадчынай усіх, а не толькі эліт. У інтэрв’ю Ватыканскаму радыё іерарх падзяліўся сваімі ўражаннямі ад сустрэчы, якая прайшла ў Ватыкане 10 чэрвеня, паміж дэлегацыямі Міжнароднага ісламскага форума для дыялога і Папскай рады па міжрэлігійным дыялогу. Абедзьве структуры ўваходзяць у склад Камітэта па ісламска-каталіцкім сувязям, які дзейнічае з 1995 г. і кожны год збіраецца для абмеркавання супольных праблем. Сёлета ў цэнтры яго ўвагі была тэма “Веруючыя перад абліччам матэрыялізму і секулярызму”. Паводле кардынала Тарана, удзельнікі сустрэчы пагадзіліся адносна таго, што сённяшнія грамадствы згубілі свае рэлігійныя карані, і неабходна прыкласці намаганні, каб даць магчымасць людзям развіваць сваё ўнутранае жыццё.

Гаворачы пра канкрэтныя дзеянні ў гэтым напрамку бакі адзначылі неабходнасць павышэння ўзроўню рэлігійнай адукаванасці моладзі. “Часта праблемы нараджаюцца ад неадукаванасці”, - сказаў пурпурат і дадаў, што ўжо атрымалася не дапусціць “сутыкнення цывілізацый”, цяпер жа важна прадухіліць “сутыкненне неадукаванасцяў”. Паводле кардынала Тарана, неабходна працаваць над тым, каб вернікі лепш ведалі аб іншых рэлігіях.

“Я маю ўражанне, што мы дасягнулі вялікага прагрэсу, але, калі гляджу глыбей, разумею, што мы ведаем адно аднаго яшчэ даволі павярхоўна, і гэтыя веды абумоўлены палітычнымі здарэннямі, тэрарызмам. Вельмі балюча бачыць, што пасля гадоў міжрэлігійнага дыялогу і дасягнення пэўных вынікаў, часам вялікім коштам, яны не адлюстроўваюцца на заканадаўчым ці адміністрацыйным узроўнях, у побыце. Таму міжрэлігійны дыялог застаецца заданнем, зарэзерваваным для эліты”, - адзначыў пурпурат.

Кардынал Таран выказаў пажаданне, каб дыялог паміж рэлігіямі выйшаў за гэтыя вузкія рамкі. “Неабходна знайсці спосаб, каб гэта спадчына спусцілася з вярхоў на вуліцы, асабліва ў сферу адукацыі – школы, універсітэты, а таксама кіравання і прыняцця законаў”, - адзначыў пурпурат.








All the contents on this site are copyrighted ©.