2013-06-22 11:58:32

Кардынал Дзяржсакратар аб місіі ватыканскіх дыпламатаў


RealAudioMP3 Святыя Пётр і Павел з’яўляюцца прыкладамі для сучасных ватыканскіх дыпламатаў, лічыць кардынал Дзяржсакратар Тарчызіо Бэртонэ. Ён узначаліў 22 чэрвеня Эўхарыстыю ў базыліцы св. Пятра для Апостальскіх нунцыяў, якія прабываюць у гэтыя дні ў Рыме. Іерарах перакананы, што папскія прадстаўнікі павінны наследаваць пакору і моц св. Пятра і энтузіязм і апостальскую руплівасць св. Паўла. Гледзячы на двух апосталаў, можна зразумець, што корань веры і крыніца місіі Касцёла – у сяброўстве з Хрыстом, звярнуў увагу кардынал. Ён дадаў, што дыпламатам часта прыходзіцца працаваць ва ўмовах цяжкіх абставін, няўдач і неразумення, але яны пакліканы пастаянна быць у распараджэнні Пана з уласнымі слабасцямі і абмежаванасцю.

Кардынал Бэртонэ заклікаў нунцыяў ніколі не “маскіраваць слабасці веры” за дэманстрацыяй сілы, актыўнасці і інтэлекту. Ён перасцярог ад “ідалапаклонства”, якое палягае на аддаванні пашаны “каму-небудзь або чаму-небудзь” замест Бога ці на роўні з Ім. “Вернік пакліканы прызнаць, што толькі Бог ёсць Бог, што Ён адзін мае права на глыбокую пашану і служэнне”, - сказаў кардынал Дзяржсакратар. Гэты выбар, адзначыў ён, будзе стаяць перад чалавекам да канца яго дзён, а “мамона” заўсёды будзе спакушаць сваёй ілюзорнай гарантыяй бяспекі.

Перад Апостальскім нунцыем стаіць “жыццёва важная задача”, прадстаўляць Наступніка св. Пятра на ўзроўні Касцёлаў, нацыянальных і міжнародных органаў, падкрэсліў кардынал Бэртонэ. Паводле яго, для эфектыўнага выканання гэтай місіі патрыбны пакора і прастата, так непапулярныяў вачах гэтага свету.







All the contents on this site are copyrighted ©.