2013-06-21 11:34:07

Францішак: кандыдаты на біскупства павінны любіць беднасць і быць блізка да людзей


RealAudioMP3 21 чэрвеня папа Францішак прыняў на аўдыенцыі каля 150-ці папскіх дыпламатычных прадстаўнікоў, якія працуюць у розных краінах свету. Звяртаючыся да іх, Пантыфік адзначыў, што не хоча “казаць выключна фармальных словаў ці якія прынята казаць”, але тыя, якія “ляжаць” у яго на сэрцы. Па-першае, ён звярнуў увагу на вандроўны характар жыцця прадстаўнікоў Папы. “Вы заўсёды з чамаданам у руках”, - пажартаваў ён і дадаў, што гэта вядзе да двух важных наступстваў: немагчымасці прывязацца да сяброў, рэчаў, месцаў, супольнасцяў, а таксама да быцця заўсёды “пілігрымамі на зямлі”, якія здалёк бачаць тое, што ім было абяцана, як казаў апостал Павел у сваім Пасланні да Габрэяў. Францішак заклікаў папскіх дыпламатаў спытаць саміх сабе: на што я гляджу? Чаго шукаю у жыцці? “Даброты, перспектывы гэтага свету, прыводзяць да расчаравання, да таго, што ніколі не будзем задаволены; Пан – гэта дабро, якое не расчаруе”, - сказаў ён і дадаў, што блізкія адносіны з Хрыстом павінны быць “штодзённым пасілкам папскага прадстаўніка”.

Святы Айцец нагадаў пра небяспеку “духоўнай марнасці”, якая пагражае таксама людзям Касцёла і заключаецца ў тым, каб ісці за духам гэтага свету, думаючы аб самарэалізацыі, а не аб хвале Божай. Папа заклікаў памятаць, што папскія дыпламаты з’яўляюцца пастырамі, нягледзячы на тое, што не навучаюць асобную частку Божага Народа, якая ім даверана і не кіруюць лакальнымі Касцёламі. “Таксама ў адносінах з грамадзянскімі ўладамі і калегамі будзьце пастырамі: заўсёды шукайце дабра, дабра ўсіх, дабра Касцёла і кожнага чалавека”, - пажадаў Пантыфік.

Францішак закончыў свой зварот, заклікам да дыпламатаў, больш уважліва падыходзіць да выбару кандыдатаў на атрыманне біскупскай сакры ў краінах, у якіх яны працуюць. “Будзьце ўважлівымі, каб кандыдаты былі пастырамі блізкімі да людзей (...), айцамі і братамі, былі пакорнымі, цярплівымі і міласэрнымі; каб любілі беднасць, унутраную, як свабоду для Пана, а таксама знешнюю, як прастату і строгі лад жыцця, каб не мелі псіхалогіі “валадароў”. Будзьце уважлівымі, каб яны не былі амбіцыёзнымі (...) Каб былі здольнымі “даглядаць” давераны ім статак, клапаціцца пра тое, што трымае яго ў адзінстве; каб “чувалі” над самімі сабой, каб мелі уваліжлівасць да тых небяспекаў, якія ім пагражаюць; але перш за ўсё, каб мелі здольнасць “чуваць” над статкам”, - сказаў Пантыфік.

Пантыфік прывёў прыклад св. Юзафа, які чуваў над Марыяй і Езусам, якія яму былі давераны. Паводле Папы пастыры павінны быць напярэдадні статку, каб указваць дарогу, пасярод статку, каб трымаць яго ў адзінстве і напрыканцы статку, каб хтосці не застаўся па-за ім, а таксама, каб сам статак, меў неабходную для пошуку правільнага шляху “інтуіцыю”.








All the contents on this site are copyrighted ©.