2013-06-20 12:22:49

Папа да членаў ФАО: Касцёл блізкі да вас у спрыянні культуры салідарнасці


RealAudioMP3 20 чэрвеня папа Францішак прыняў на аўдыенцыі ўдзельнікаў 38-й канферэнцыі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), якая праходзіць у Рыме. У сваёй прамове Пантыфік звярнуў увагу на шэраг глабальных праблем, звязаных з голадам, беднасцю, фінансавымі злоўжываннямі і крызісам каштоўнасцяў. Ён нагадаў, што нягледзячы на пывышэнне аб’емаў вытворчасці прадуктаў харчавання, міліёны людзей працягваюць паміраць ад голада, і гэта з’яўляецца “сапраўдным скандалам”. “Неабходна знайсці магчымасць, каб усе людзі маглі карыстацца плёнамі зямлі”, - сказаў Папа і дадаў, што гэта перш за ўсё з’яўляецца “патрабаваннем справядлівасці, роўнасці і павагі да кожнага чалавека”. Францішак заклікаў да салідарнасці з беднымі і сказаў, што актуальны эканамічны крызіс нельга выкарыстоўваць у якасці “алібі”, каб не рабіць гэтага. Ён асудзіў фінансавую спекуляцыю, “якая ў гэты момант абумоўлівае кошты прадуктаў, разглядаючы іх у якасці звычайнага тавара і забываючыся аб іх першасным прызначэнні”.

Святы Айцец нагадаў аб абавязку памятаць пра чалавека і яго годнасці, што з’яўляецца слупом, на якім павінны трымацца ўсе правілы і структуры. “Неабходна змагацца з вузкімі інтэрэсамі і логікай улады меншасці, якая ігнаруе большасць насельніцтва свету, пашырае беднасць, маргіналізацыю, несучы разбуральныя эфекты для грамадстваў”, - заклікаў Пантыфік.

Францішак нагадаў, што актуальны крызіс – гэта наступства крызісу каштоўнасцяў, у тым ліку тых, якія ляжаць у аснове міжнароднага жыцця. Ён станоўча ацаніў рэформы, якія закранулі ФАО і падкрэсліў, што іх сапраўдная мэта павінна заключацца “у набыцці большай адказнасці за кожнага, прызнаючы, што ўласны лёс звязаны з лёсам іншых”.

Папа нагадаў, што харчовыя праблемы ў першую чаргу ўдараюць па сем’ям, якія жывуць у сельскагаспадарчых рэгіёнах. Ён заклікаў умацоўваць свядомасць, што сям’я – гэта прынцыповае месца для росту кожнага чалавека, стабільнасці сацыяльных адносін, выхавання і развіцця, калі натхняецца любоўю, адказнай салідарнасцю паміж пакаленнямі і ўзаемным даверам. “Гэта элементы, здольныя зрабіць менш цяжкімі самыя негатыўныя сітуацыі і весці да сапраўднага братэрства усё чалавецтва, дазваляючы яму адчуць сябе адзінай сям’ёй, у якой увага вялікіх скіравана на самых слабых”, - сказаў Пантыфік.

Святы Айцец заклікаў членаў ФАО, дзякуючы дыялогу з рознымі краінамі, спрыяць культуры сустрэчы і салідарнасці. “Каталіцкі Касцёл са сваімі структурамі і інстытутамі блізкі да вас у гэтых намаганнях па рэалізацыі канкрэтнай салідарнасці”, - сказаў Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.