2013-06-19 12:00:09

Імя св. Юзафа ўключана ў Эўхарыстычныя малітвы


RealAudioMP3 Кангрэгацыя Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў уключыла імя св. Юзафа, абранніка Найсвяцейшай Панны Марыі, у Эўхарыстычныя малітвы трэцяга выдання Рымскага імшалу. Як гаворыцца ў спецыяльным паведамленні з гэтай нагоды, рашэнне было прынята “пасля ўважлівага разгляду гэтага пытання і ў сілу паўнамоцтваў, атрыманых ад Святой Айца Францішка”. Размова ідзе пра II, III і IV Эўхарыстычныя малітвы. Імя св. Юзафа будзе прамаўляцца адразу пасля імя Найсвяцейшай Панны Марыі.

Кангрэгацыя апублікавала лацінскі варыянт паправак, які ад гэтага моманту будзе мець статус афіцыйнага тэксту. У II-й Эўхарыстычнай малітве імшальны тэкст будзе гучаць так: “ut cum beáta Dei Genetríce Vírgine María, beáto Ioseph, eius Sponso, beátis Apóstolis"; у ІІІ-й: “cum beatíssima Vírgine, Dei Genetríce, María, cum beáto Ioseph, eius Sponso, cum beátis Apóstolis”; у IV-й: “cum beáta Vírgine, Dei Genetríce, María, cum beáto Ioseph, eius Sponso, cum Apóstolis”.

Калі гаворка ідзе аб перакладзе на самыя распаўсюджаныя заходнія мовы, ватыканская дыкастэрыя прадставіць іх у найбліжэйшы час. Пераклады на іншыя мовы, у адпаведнасці з касцёльным правам, павінны быць падрыхтаваны адпаведнымі Канферэнцыямі Біскупаў і зацверджаны Святым Пасадам праз пасрэдніцтва Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

Матывам такога рашэння стала адмысловая сувязь св. Юзафа “з пачаткам таямніцы збаўлення чалавека”, яго незвычайная пакора, “якая ў хрысціянскай веры служыць дасягненню высокіх мэтаў”, яго звычайныя чалавечыя цноты, неабходныя, каб быць добрым і сапраўдным сведкам Хрыста. “Дзякуючы ім св. Юзаф, клапоцячыся з любоўю пра Божую Маці і з радасцю прысвяціўшы сябе выхаванню Езуса Хрыста, стаў апекуном самых каштоўных скарбаў Бога Айца, і адзначыўшыся на працягу стагоддзяў культам Божага народа, падтрымліваў містычнае цела Езуса, Касцёл”, - можна прачытаць у заяве Кангрэгацыі Божага Культу і Дысцыпліны Сакрамэнтаў.

У дакуменце, падпісаным прэфектам ватыканскай дыкастэрыі, кардыналам Антоніа Канісарэсам 1 мая, ва ўспамін св. Юзафа Рамесніка, гаворыцца, што яшчэ Бэнэдыкт XVI падчас свайго пантыфікату прыняў рашэнне аб уключэнні імя св. Юзафа ў Эўхарыстычныя малітвы, што і падтрымаў нядаўна папа Францішак.

Трэба адзначыць, што падобныя рашэнні аб змене ў тэксце галоўнай літургічнай кнігі Касцёла прымаюцца надзвычай рэдка і ў выключных выпадках.







All the contents on this site are copyrighted ©.