2013-06-19 10:53:08

Касцёл – не арганізацыя, а жывое цела


RealAudioMP3 Пра значэнне выразу “Касцёл – Цела Хрыста” расказаў папа Францішак падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 19 чэрвеня на плошчы св. Пятра. У сваёй катэхезе Пантыфік звярнуў увагу на тэалагічны фундамент гэтага выразу, а таксама патлумачыў, якое значэнне гэтыя словы маюць для жыцця кожнага верніка. Святы Айцец пачаў сваё разважанне з успаміну пра навяртанне апостала Паўла: апошні пераследаваў хрысціян, але на дарозе ў Дамаск пачуў ад Бога словы аб тым, што пераследуе самаго Хрыста. “Гэты досвед св. Паўла кажа нам, наколькі глыбокае адзінства існуе паміж намі хрысціянамі і самім Хрыстом. Калі Езус узышоў на неба, Ён не пакінуў нас сіротамі, але праз дар Святога Духа еднасць з Ім стала яшчэ больш моцнай. ІІ Ватыканскі Сабор кажа, што Езус “удзяляючы свайго Духа, устанавіў містычным чынам сваё цела са сваіх братоў, пакліканых з усіх народаў”, - нагадаў Папа.

Паводле Святога Айца, вобраз цела дапамагае глыбей зразумець глыбокую сувязь, якая існуе паміж Касцёлам і Хрыстом. “Перш за ўсё, Касцёл гэта жывая рэальнасць. Касцёл – гэта не дабрачынная, культурная ці палітычная арганізацыя, але жывое цела, якое крочыць і дзейнічае ў гісторыі. І гэта цела мае галаву, Езуса, Які яго вядзе, насычае і падтрымлівае. Гэта аспект, які б я хацеў падкрэсліць: калі галава аддзяляецца ад цела, асоба не можа выжыць. Так і ў Касцёле: мы павінны ўсё больш і больш быць злучанымі з Езусам”, - адзначыў Пантыфік.

Папа нагадаў, што для жыцця любога цела важнай з’яўляецца кроў, і такой “кроўю” у Касцёле з’яўляецца дзейнасць Езуса. Францішак заклікаў кожнага дазволіць Хрысту весці сябе, быць кіраваным Яго Словам, насычаным і натхнёным Яго эўхарыстычнай прысутнасцю, падтрыманым Яго любоўю, якая дае сілы любіць бліжніх.

Папа нагадаў словы апостала Паўла які параўнаў Касцёл з целам чалавека, якое складаецца са шматлікіх членаў: яны розныя, але ўсе пакліканы фарміраваць адно жывое цела, глыбока злучанае з Хрыстом. Пантыфік выказаў сваю заклапочанасць падзелам паміж хрысціянамі і звярнуў увагу, што сёння яны павінны як ніколі шукаць адзінства. “Падзелы паміж намі, але таксама падзелы паміж супольнасцямі: хрысціяне пратэстанты, хрысціяне праваслаўныя, хрысціяне католікі ... але чаму падзеленыя? Мы павінны імкнуцца да адзінства”, - сказаў Папа.


“Будзем добра памятаць, што быць часткай Касцёла, азначае быць паяднанымі з Хрыстом і атрымліваць ад Яго Боскае жыццё, якое дазваляе жыць як хрысціяне, азначае прабываць у еднасці з Папам і біскупамі, якія з’яўляюцца прыладамі адзінства і камуніі, азначае навучыцца перамагаць індывідуалізм і падзелы, лепш разумець адно аднаго, гарманізаваць адметнасці і багацці кожнага, адным словам, больш любіць Бога і людзей побач з намі, у сям’і, парафіі, асацыяцыях. Цела і члены, каб жыць, павінны быць паяднанымі. Адзінства стаіць вышэй за канфлікты!”, - сказаў Папа.

Святы Айцец адзначыў, што на падзелы паміж хрысціянамі, іх абасобленасць і дробныя інтарэсы наносяць неверагодную шкоды Касцёлу. Францішак заклікаў сабраных на плошчы св. Пятра прасіць Бога аб ласцы еднасці, вызвалення ад спакусы падзелаў, барацьбы паміж сабой і эгаізму.








All the contents on this site are copyrighted ©.