2013-06-19 10:28:10

Аўстрыйскі кардынал: у мяне ўражанне, што мы панурыя, змрочныя і бязрадасныя


RealAudioMP3 “Асвяжальны дух, пачуццё гумару, і ў той жа час патрабавальнасць папы Францішка ўсім нам вельмі адпавядае. Ён разумее неверагодным чынам, як спалучыць хрысціянскія радыкалізм і радасць”, - сказаў кардынал Крыстаф Шонборн у інтэрв’ю агенцтву “Kathpress”. “Часам у мяне складаецца ўражанне, што мы так панурыя, настолькі змрочныя і так бязрадасныя”, адзначыў ён і дадаў, што Касцёл, сканцэнтраваны толькі на сабе і працуючы выключна ў сваіх парафіях, “з’яўляецца псіхатычным і аўтыстычным”. У Касцёле важна спрабаваць заўсёды нешта новае, адзначыў кардынал і зацытаваў Папу, які аддае перавагу Касцёлу, які, ідучы наперад, не баіцца пацярпець няўдачу, чым хворай супольнасці.

Іерарх звярнуўся да тэмы рэформы Рымскай курыі. Ён нагадаў, што гэта пытанне актыўна абмяркоўвалася на нарадах перад канклавам. З апошняй рэформы прайшло больш за 40 гадоў. Арцыбіскуп Венскі заўважыў аднак, што, магчыма, трэба пачаць ад рэформы курый дыцэзіяльных; яе неабходнасць, на яго думку, ужо наспела. “У Рымскай курыі працуюць такія ж людзі, як і ў любым чалавечым інстытуце. Калі высокі хрысціянскі ідэал жыцця кантрастуе з яго рэалізацыяй, гэта асабліва балюча”, - адзначыў кардынал Шонборн, але, паводле яго пераканання, гэта не больш балюча, чым карупцыя ў свецкай уладзе і палітычных установах.







All the contents on this site are copyrighted ©.