2013-06-17 12:37:08

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння: рэлятывізм – галоўная пагроза для адукацыі


RealAudioMP3 Выступаючы ва ўніверсітэце Глазга, прэфект Кангрэгацыі Веравучэння падкрэсліў важнасць абароны чалавечай годнасці ў сферы адукацыі. Арцыбіскуп Герхард Людвіг Мюлер выступіў 15 чэрвеня з лекцыяй у шатландскім універсітэце на інаўгурацыі Фонда св. Андрэя для каталіцкай адукацыі, новай ініцыятывы, закліканай дапамагаць у фарміраванні каталіцкіх педагогаў. Яго стварэнне стала вынікам партнёрства паміж Касцёлам, універсітэтам Глазга і шатландскім урадам.

Арцыбіскуп Мюлер сканцэнтраваўся на прыродзе і своеасаблівасці каталіцкай адукацыі і выкліках, якія стаяць перад ёй у сучасным свеце. Каталіцкая адукацыя, паводле яго, узнікае з сустрэчы паміж Касцёлам і культурай. У паняцце “каталіцкая” уключана “усё добрае, што ёсць у філасофіі грамадства і чалавечай культуры”. Паводле іерарха, місія каталіцкіх настаўнікаў – уносіць свой уклад у жыццё грамадства ў цэлым.

Кіраўнік ватыканскай дыкастэрыі назваў рэлятывізм галоўнай пагрозай для адукацыі, паколькі яе аб’екты – праўда і дабро пазбаўляюцца ў яго кантэксце аб’ектыўнасці. “Небяспека рэлятывізму для сучаснага грамадства палягае на ідэі, што чалавечая свабода па сутнасці цягне за сабой стварэнне уласнай праўды і свайго маральнага дабра”, - заўважыў іерарх. У наступстве рэлятывізм, сказаў ён, “прывядзе да разбурэння грамадства”.

Сэнс адукацыі не ў тым, каб падрыхтаваць спецыялістаў, якія будуць абслугоўваць эканоміку праз перадавы вопыт у галіне бізнесу або прамысловасці, навукі або мастацтва, звярнуў увагу арцыбіскуп Мюлер. Важным элементам, паводле яго, з’яўляецца здольнасць прымаць крытычную пазіцыю адносна сучасных тэорый і ідэалогій. Адукацыя займае “цэнтральнае месца” у абвяшчэнні годнасці чалавечай асобы, падкрэсліў іерарх.

Ён з жалем адзначыў, што сучасная моладзь расце ў культуры рэлятывізму, індывідуалізму, утылітарызму і “адсутнасці цікавасці да фундаментальных ісцін чалавечага жыцця”. У такой атмасферы, якая адмаўляе годнасць чалавечай асобы, “свабода зводзіцца да простага адвольнага капрызу”, а імкненне да праўды да спажывецтва, сказаў ён.

Касцёл павінен вярнуць маладым людзям сапраўднае разуменне іх уласнай каштоўнасці, перакананы арцыбіскуп Мюлер, і ў гэтым яму павінна дапамагчы каталіцкая адукацыя.







All the contents on this site are copyrighted ©.