2013-06-16 13:55:59

Пантыфік да прэм’ера Вялікабрытаніі: мэта эканомікі і палітыкі – служыць чалавецтву


RealAudioMP3 Пантыфік звярнуўся да прэм’ера Вялікабрытаніі з лістом, прымеркаваным да старшынства гэтай краіны ў “Вялікай васьмёрцы” і сустрэчай гэтай групы 17 і 18 чэрвеня 2013 г. у ірландскім Лох-Эрн. Ён стаў адказам на зварот Дэвіда Кэмерана, накіраваным Папе 5 чэрвеня, у якім брытанскі лідэр акрэсліў галоўныя напрамкі старшынства Вялікабрытаніі ў “Групе васьмі”. Святы Айцец падзякаваў, што ў праграме падкрэсліваецца першынства чалавека, як галоўнага суб’екта палітычнай і эканамічнай дзейнасці, і адзначыў, што важна не забывацца аб салідарнасці з бяднейшымі слаямі насельніцтва.

Папа высока ацаніў, што брытанская дэлегацыя адпраўляецца ў Лох-Эрн з занепакоеннем адносна свабоднага міжнароднага рынку, падаткаабкладання і празрыстасці ў эканамічнай дзейнасці. У гэтым, заўважыў Францішак, прысутнічае занаепакоенасць лёсам чалавека. Сведчаннем увагі да чалавечай асобы з’яўляецца таксама ўключэнне ў якасці адной з цэнтральных тэм на парадку дня абароны жанчын і дзяцей ад сексуальнага насілля.

Пантыфік выказаў спадзяванне, што саміт дапаможа “неадкладнаму і трываламу спыненне агню ў Сірыі і прыцягненню ўсіх бакоў канфлікту за стол перамоў”. “Мір з’яўляецца важнай перадумовай для абароны жанчын, дзяцей і іншых нявінных ахвяр, і імкнення да знішчэння голаду, асабліва сярод ахвяр вайны”, - адзначыў Папа.

На думку Святога Айца, пытанні з ухіленнем ад падаткаў і забеспячэннем празрыстасці і адказнасці ў эканамічнай дзейнасці – гэта меры, якія паказваюць на глыбокія этычныя карані гэтых праблем. Аб гэтым сведчыць і цяперашні глабальны крызіс: што этыка не з’яўляецца чымсьці знешнім па адносінах да эканомікі, гэта неад’емны і непазбежны элемент эканамічнай думкі і актыўнасці.

Меры па пераадоленні крызісу, паводле пераканання Папы, павінны кіравацца “этыкай ісціны”, што ўключае ў сябе, у першую чаргу, павагу да ісціны адносна чалавека, “які з’яўляецца не проста дадатковым эканамічным фактарам”, але надзеленай годнасцю асобай. Таму, адзначыў Святы Айцец, “клопат аб фундаментальным матэрыяльным і духоўным дабрабыце кожнага чалавека з’яўляецца адпраўной кропкай для ўсіх палітычных і эканамічных рашэнняў і канчатковай мерай іх эфектыўнасці і этычнай абгрунтаванасці”.

Акрамя таго, дадаў Францішак, мэта эканомікі і палітыкі – “служыць чалавецтву, пачынаючы з самых бедных і найбольш уразлівых, дзе б яны ні знаходзіліся, нават ва ўлонні маці”. Кожная эканамічная і палітычная тэорыя або дзейнасць павінны грунтавацца на прадастаўленні кожнаму жыхару планеты мінімальных сродкаў для годнага жыцця і свабоды, з магчымасцю падтрымкі сям’і, выхавання дзяцей. Пры адсутнасці такога бачання, перакананы Папа, усе віды эканамічнай дзейнасці не маюць сэнсу.







All the contents on this site are copyrighted ©.