2013-06-16 14:46:37

Беларусь: рух у абарону жыцця адстойвае хрысціянскія каштоўнасці


RealAudioMP3 Беларускі рух у абарону жыцця мае намер далей публічна адстойваць традыцыйныя сямейныя каштоўнасці, заснаваныя на хрысціянстве – права ненароджанага дзіцяці з’явіцца на гэты свет, інстытут сужэнства паміж жанчынай і мужчынай, чалавечую годнасць увогуле. Нягледзячы на тое, што па ініцыятыве прадстаўнікоў хрысціянскіх канфесій – католікаў, праваслаўных і пратэстантаў – у Беларусі сёлета былі скарочаны сацыяльныя паказанні для абортаў, пытанняў яшчэ застаецца шмат. Прапанаваныя рэлігійнымі дзеячамі папраўкі ў закон “Аб ахове здароўя” – а гэта права ўрача адмовіцца ад правядзення аборта, абавязковае даабортнае кансультаванне жанчыны – так і не прыняты, праект закона да гэтага часу толькі разглядаюць парламентарыі, а шмат момантаў увогуле не былі ўлічаны – паведаміла Таццяна Тарасевіч, навуковы супрацоўнік Цэнтра праблем развіцця адукацыі Белдзяржуніверсітэта.

“Гэта толькі пачатак шляху. Нам вельмі важна вярнуць і ў медыцыну, і ў заканадаўства права на інфармаваную згоду. Нашы жанчыны, на жаль, не ведаюць аб пачатку жыцця з моманту зачацця, яны не ведаюць, што сэрца пачынае біцца з трецяга тыдня, яны не ведаюць, што такое постабортны сіндром, з якім ім прыйдзецца жыць да канца сваіх дзён, яны не ведаюць шмат чаго. Аборт спараджае некалькі ахвяр – жанчына, дзіця, урач. Праекцыя кладзецца ўвогуле на ўсе грамадскія адносіны. Заканадаўчыя змены проста неабходны”, - заявіла яна.

На долю перапынення цяжарнасці па сацыяльных паказаннях у Беларусі прыходзіцца 8% абортаў, астатнія 92% робяцця па жаданні жанчыны на тэрміне да 12 тыдняў цяжарнасці. Праблема, на думку спецыялістаў, яшчэ і ў тым, што любая з’ява, дазволеная законам, у грамадстве псіхалагічна ўспрымаецца як пазітыўная, падкрэсліла Таццяна Тарасевіч.

“Таму ў ідэале хацелася б абмежавання абортаў або іх забароны, акрамя выключных выпадках, звязаных з жыццём маці. У гэтым сэнсе ёсць прыклад Ірландыі, дзе жорстка абмежаваны аборты. Гэта краіна лічыцца самай спрыяльнай для нараджэння дзяцей. Там урачы настаўлены на лячэнне цяжарнай жанчыны і яе ненароджанага дзяцяці, там добра развіта перынатальная хірургія, там іншая псіхалогія ў людзей. А дазвол абортаў па сутнасці ў нас тармозіць і развіццё медыцыны. Зараз, калі ў Ірландыі былі спробы пашырыць паказанні для абортаў, там на вуліцы выйшлі маршы тых, хто супраць гэтага”, - адзначыла Таццяна Тарасевіч.

Яшчэ не маршы, але акцыі, семінары і канферэнцыі ў абарону жыцця праходзяць і ў Беларусі. Рух “Пра-лайф” у краіне з кожным годам становіцца мацней і набывае новых прыхільнікаў. Яшчэ адна тэма, наконт якой не застаюцца абыякавымі актывісты – Закон “Аб дапаможных рэпрадуктыўных тэхналогіях”, прыняты ў Беларусі ў 2011 годзе. У дакуменце дзіця разглядаецца як тавар. У аднаго дзіцяці можа быць да 5 бацькоў – біялагічныя, сацыяльныя і сурагатная маці. А калі ўсе ад яго адмовяцца? Заканадаўства не прадугледзіла гэту сітуацыю.

Праведзеныя даследванні паказалі, што ад 40% да 60% дзяцей, народжаных па тэхналогіі ЭКА, з’яўляюцца на свет з прыроджанымі хваробамі – прывяла прыклад Таццяна Тарасевіч. “Па-другое, лішнія эмбрыёны наш закон дазваляе выкарыстоўваць у даследчых мэтах – там прапісана, што ў мэтах развіцця ЭКА-техналогіі. Да 14 дзён эксперыменты з эмбрыёнамі дазволены. На жаль, няма інфармацыі, ці ёсць пастаўкі эмбрыёнаў з Беларусі ў іншыя краіны, дзе зараз актыўна вядуцца эксперыменты па стварэнні дзяцей з генамі трох бацькоў, хімер, клонаў. Мы не ведаем, куды сыходзяць нашы дзеці. Таму змены гэтага закона таксама неабходна з пункту гледжання абароны жыцця”, - падзялілася навуковец.

Беларускі рух “Пра-лайф” прыняў некалькі дзён таму чарговую рэзалюцыю, у якой прапісаў усе прынцыповыя пазіцыі. Яна зусім скора будзе адпраўлена ў грамадскія арганізацыі і дзяржаўныўныя органы ўлады. Спадзяецца толькі чакаць, што на яе з’явіцца нейкая рэакцыя.

Ларыса Абрамчук, Мінск.







All the contents on this site are copyrighted ©.