2013-06-15 13:07:27

Святы Айцец: прынцып лаіцызму не азначае варожасці да рэлігійнай рэальнасці


RealAudioMP3 Святы Айцец прыняў 15 чэрвеня Групу сяброўства паміж Францыяй і Святым Пасадам, у якую ўваходзяць члены Сената і Нацыянальнага сходу Французскай Рэспублікі. Папа адзначыў, што нягледзячы на “розныя палітычныя пачуцці” прысутных, іх аб’ядноўвае жаданне павышаць “якасць адносін” паміж Францыяй і Апостальскай Сталіцай. Асабіста для Пантыфіка гэта сустрэча стала магчымасцю “падкрэсліць адносіны даверу”, якія “у цэлым” існуюць у Францыі паміж адказнымі за грамадскае жыццё і Каталіцкім Касцёлам, як на нацыянальным, так і на рэгіянальным і мясцовым узроўнях. “Прынцып лаіцызму, які рэгулюе адносіны паміж французскай дзяржавай і шматлікімі рэлігійнымі канфесіямі сам па сабе не азначае варожасці да рэлігійнай рэальнасці, або выключэння рэлігіі з грамадскага поля і дэбатаў, якія ажыўляюць яго”, - адзначыў Святы Айцец.

На думку Пантыфіка, “можна радавацца таму”, што французскае грамадства адкрывае сябе на прапановы Касцёла, якія заключаюць у сябе пэўнае бачанне чалавека і яго годнасці, улічваючы агульнае дабро. Касцёл, нагадаў ён, хоча прапанаваць свой адмысловы ўклад у разуменне глыбокіх пытанняў, якія датычаць больш поўнага ўяўлення пра чалавека і грамадства і іх лёсы. І гэты ўклад датычыць не толькі антрапалагічнай або сацыяльнай сфер, але і палітычнай, эканамічнай і культурнай, адзначыў Папа.

Францішак заклікаў французскіх парламентарыяў “спрыяць эфектыўнаму і ўстойліваму паляпшэнню жыцця суграмадзян”, на тэхнічным і юрыдычным узроўнях, аде ў той жа час, не выключаючы духоўнай складаючай, якая надае кожнай ідэі неабходную якасць, звязаную з высакароднасцю асобы.

Пантыфік падзякаваў Групе сяброўства паміж Францыяй і Святым Пасадам за яе місію і пажадаў заўсёды клапаціцца пра карысць чалавека і садзейнічаць духу брацтва ў Францыі.







All the contents on this site are copyrighted ©.