2013-06-14 12:10:15

Папа да кіраўніка англікан: давайце падарожнічаць па шляху да адзінства


RealAudioMP3 Пантыфік сустрэўся 14 чэрвеня з Архіепіскапам Кентэрберыйскім Джасцінам Уэлбі. Гэта было першае спатканне папы Францішка і новаабранага кіраўніка Англіканскай Царквы. Святы Айцец падзякаваў іерарху за малітву, якую апошні ўзнёс за Рымскага Пантыфіка падчас сваёй інаўгурацыі і выказаў надзею, што яны абодва заўсёды будуць падтрымліваць адзін аднаго ў малітве. “Гісторыя адносін паміж Царквой Англіі і Рымскім Касцёлам доўгая і складаная, не без балючых момантаў”, - звярнуў увагу Папа. Але ў апошнія дзесяцігоддзі былі зроблены значыныя крокі “да збліжэння і братэрства”, адзначыў ён. Гэтаму паспрыяў тэалагічны дыялог, праца Міжнароднай англіканскай-каталіцкай камісіі, а таксама рост сардэчных адносін на ўсіх узроўнях. Францішак падзякаваў за зразуменне, з якім у Англіканскай Царкве аднесліся да ўстанаўлення Каталіцкім Касцёлам структур для былых англікан.

Святы Айцец лічыць, што яго сустрэча з архіепіскапам Уэлбі “з’яўляецца магчымасцю нагадаць самім сабе, што пошук адзінства паміж хрысціянамі падыктаваны не практычнымі меркаваннямі, але воляй самаго Хрыста”. На думку Папы, сёння патрэбны сумесныя намаганні для сведчання хрысціянскіх каштоўнасцяў у свеце, “які часта ставіць пад сумнеў некаторыя з асноў грамадства, такія як павага да святасці чалавечага жыцця і важнасць інстытута сям’і, заснаванай на сужэнстве”. Трэба разам намагацца “большай сацыяльнай справядлівасці, будаваць эканамічную сістэму, якая знаходзіцца на службе чалавека і спрыяе агульнаму дабру”, даносіць да грамадстваў голас бедных, закладнікаў сучаснай фінансавай мадэлі, садзейнічаць міру, - лічыць Святы Айцец.

“Давайце падарожнічаць па шляху да адзінства, аб’яднаныя па-братэрску ў любові, з Езусам Хрыстом як нашым пастаянным арыенцірам”, - запрасіў папа Францішак новаабранага Архіепіскапа Кентэрберыйскага.







All the contents on this site are copyrighted ©.