2013-06-14 13:28:57

Пантыфік да журналістаў: залечваць рану падзелу паміж Евангеллем і культурай


RealAudioMP3 Дыялог, праніклівасць і мяжа – на гэтых трох элементах засяродзіў увагу супрацоўнікаў і аўтараў каталіцкага часопіса “La Civiltà Cattolica” папа Францішак. 14 чэрвеня адбылася сустрэча Пантыфіка з журналістамі. Святы Айцец заклікаў іх “быць цвёрдымі перад абліччам крывадушнасці” і ў той жа час “не ствараць бар’ераў”. “Ваша галоўная задача – будаваць не муры, а масты, весці дыялог з усімі людзьмі, уключаючы тых, якія не падзяляюць хрысціянскай веры, але маюць культ іншых чалавечых каштоўнасцяў, і тых, якія супрацьстаяць Касцёлу і пераследуюць яго розным чынам”, - сказаў Францішак. Папа адзначыў, што каштоўнай для дыялога з’яўляецца здольнасць пранікаць у глыбіню рэчаў. Ён нагадаў пра праніклівасць езуіцкай духоўнасці, якая дазваляе з “пакорнай і адкрытай разважлівасцю” шукаць і знаходзіць Бога і прысутнасць Святога Духа ў чалавечай і культурнай рэальнасці.

Пантыфік заклікаў аўтараў часопіса быць “людзьмі памежжа”, якія “залечваюць” рану падзелу паміж Евангеллем і культурай. “Існуе патрэба ў тым, каб адважна вучыць моцнай і сталай веры, здольнай надаць сэнс жыццю і даць пераканаўчыя адказы тым, хто шукае Бога”, - сказаў Папа.

Выданне “La Civiltà Cattolica”, адно з самых аўтарытэтных і чытаных у Італіі, было заснавана ў 1850 г. і да сённяшняга дня кіруецца айцамі езуітамі.








All the contents on this site are copyrighted ©.